Галасаваньне па Віцебскай сельскай акрузе №21 адбудзецца без удзелу кандыдата ад Партыі БНФ Леаніда Аўтухова. Гэтае рашэньне прынятае на другой сэсіі пазачарговага XV Зьезду Партыі БНФ і падцьверджанае кандыдатам Леанідам Аўтуховым 17 верасьня.
17 верасьня Леанід Аўтухоў зьвярнуўся ва акруговую камісію Віцебскай сельскай акругі №21 з заявай аб зьняцьці з выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня.
У заяве кандыдата адзначана, што умовамі ўдзелу кандыдата падчас галасваньня было вызваленьне палітычных вязьняў і ўключэньне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў. Але гэтыя умовы рэжымам ня выкананыя.
За кратамі працягваюць знаходзіцца 15 палітычных вязьняў, у тым ліку кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, якому ў закрытым судзе дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня, Алесь Бяляцкі, праваабаронца, кандыдат на Нобэлеўскую прэмію міру, Мікола Аўтуховіч, прадпрымальнік, Павал Севярынец і іншыя. Таксама толькі 13 прадстаўнікоў (5%) з 233 вылучаных партыяй БНФ былі ўключаныя ў склады выбарчых камісіяў - пры тым, што ад праўладных арганізацыяў і партыяў уключана 80-95% ад вылучаных. Гэта не дае надзею, што галасы будуць лічыцца правільна.
Зварот кандыдата
Cвабоду палітвязьням, а галасы – лічыць разам!
Шаноўныя грамадзяне, сябры!
Наша партыя БНФ абумоўлівала свой удзел у выбарнай кампаніі 2012 году дзвюма ўмовамі: вызваленьнем і рэабілітацыяй палітычных вязьняў, а таксама сумесным падлікам галасоў праз уключэньне нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.
Выкананьне гэтых умоў зьяўляецца карысьцю для беларускага народу, але чыноўнікі рэжыму ўспрымаюць гэтыя умовы, як пагрозу для свайго бескантрольнага панаваньня.
Гэта зьяўляецца карысьцю для народу, бо пры вызваленьні палітвязьняў зь іх рэабілітацыяй, пры правядзеньні сумленнага падліку галасоў для Беларусі будзе адкрытая брама да прамых замежных інвестыцыяў, крэдытаў, якіх краіне катастрафічна не хапае для мадэрнізацыі эканомікі. А ў канчатковым варыянце – пад’ёму дабрабыту грамадзян, які абрынуўся ў тры разы ў выніку некампэтэнтных, злачынных дзеяньняў улады ў 2010-2011 гадах.
Толькі кіраўніцтва рэжыму не пайшло на крокі ў інтарэсах беларусаў, а працягвае трымаць за кратамі: кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, прэтэндэнта на Нобэлеўскую прэмію міру Алеся Бяляцкага, віцебскага патрыёта Сяргея Каваленку, моладзевага лідэра Зьмітра Дашкевіча – усяго 15 чалавек. Таксама мясцовыя улады не ўключылі ніводнага прадстаўніка дэмакратычных кандыдытаў ва ўчастковыя камісіі.
Мы выкарысталі магчымасьці звароту да выбаршчыкаў пад час тэле- і радыё прамоў, зьвярнуліся да вас з праграмай са старонак раённых выданьняў. Аднак рэжым не прадэманстраваў гатоўнасьці вызваліць палітвязьняў, правесьці свабодныя выбары.
У гэтых умовах я падтрымліваю рашэньне Сойму БНФ аб зьняцьці кандыдатаў і заяўляю аб сваім зьняцьці з так званай выбарнай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай акрузе №21.
Мужным крокам для выбаршчыкаў будзе адмова ад удзелу ў галасаваньні. Лепш займіцеся сваімі хатнімі справамі, схадзіце па грыбы 23 верасьня. Але калі чыноўнікі прымусяць вас наведаць участак для галасаваньня, то прагаласуйце супраць усіх.
Мы будзем працягваць барацьбу, каб народ меў магчымасьць абіраць уладу на свабодных, дэмакратычных выбарах. Слава героям! Жыве Беларусь!
Леанід Аўтухоў, кандыдат па Віцебскай сельскай акрузе №21.
Выніковая палітычная ацэнка ўмоваў правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2012 году
Рэзалюцыя другой сэсіі пазачарговага XV Зьезду Партыі БНФ, 15 верасьня 2012 г.
У студзені 2012 году Партыяй БНФ былі вызначаныя ўмовы і фармат удзелу партыі ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Першая сэсія XV Зьезду Партыі БНФ 4 жніўня, кіруючыся абранай тактыкай абумоўленага ўдзелу, вылучыла кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ. Пры гэтым Зьезд Партыі БНФ канстатаваў, што належныя ўмовы правядзеньня выбараў у першай фазе выбарчай кампаніі не былі створаныя:
− У вязьніцах застаюцца вязьні сумленьня, зьняволеныя на падставе іх палітычнай, грамадзкай дзейнасьці, шэраг палітыкаў знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, альбо абмежаваны ў правах.
− У выбарчым заканадаўстве адсутнічаюць гарантыі сумленнага, празрыстага і вартага даверу падліку галасоў, роўных умоваў вядзеньня перадвыбарчай барацьбы для ўсіх палітычных суб’ектаў, а таксама ня створаныя рэальныя перашкоды фальсыфікацыям.
− У першай стадыі выбарчай кампаніі шырока ўжываўся адміністратыўны рэсурс на карысьць кандыдатаў, падтрыманых органамі выканаўчай улады, а акруговыя выбарчыя камісіі былі сфармаваныя без рэальнага ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі.
Далейшая хада выбарчай кампаніі паказала, што ўлады рэалізуюць яе ў ранейшым рэжыме адсутнасьці грамадзкага кантролю за падлікам галасоў, абмежаваньняў і рэпрэсіяў:
1) Адміністратыўны рэсурс у выглядзе заўчаснай агітацыі ў дзяржаўных мэдыях альбо з выкарыстаньнем працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў шырока выкарыстоўваўся кандыдатамі, падтрыманымі органамі выканаўчай улады.
2) Для кандыдатаў ад Партыі БНФ, а таксама для іншых кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі, былі створаныя супрацьзаконныя перашкоды ў агітацыі, што асабліва яскрава праявілася ў:
− абмежаваньні месцаў і іншых магчымасьцяў для перадвыбарчых пікетаў;
− адмове друку перадвыбарчай праграмы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Стральцова з выкарыстаньнем моваў польскай і літоўскай нацыянальных меншасьцяў;
− адмове шэрагу дзяржаўных выданьняў разьмясьціць у якасьці ілюстрацыі да праграмаў кандыдатаў Партыі БНФ нацыянальны гістарычна герб “Пагоня”;
− незаконнай забароне для правядзеньня тэледэбатаў кандыдатам, што балатуюцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці.
3) Цэнзура праграмаў і выступаў кандыдатаў, а таксама забарона кандыдатам прымаць удзел у тэледэбатах у якасьці давераных асобаў іншых кандыдатаў былі ўведзеныя Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў проста ў часе кампаніі, што зьяўляецца прыкладам незаконнага абмежаваньня ўстаноўленых выбарчым кодэксам гарантыяў свабоды агітацыі.
4) З 233 прадстаўнікоў Партыяі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”, што былі вылучаныя ў склад участковых выбарчых камісіяў, у склад камісіяў былі ўключаныя толькі 13 чалавек, што пазбаўляе партыю ад магчымасьці ўдзелу ў падліку галасоў і адчыняе магчымасьці для бескантрольных маніпуляцыяў вынікамі волевыяўленьня выбаршчыкаў.
На падставе абранай Партыяй БНФ тактыкі абумоўленага ўдзелу ў выбарчым працэсе пазачарговы XV Зьезд Партыі БНФ канстатуе, што выбарчая кампанія была несвабоднай, непразрыстай, яна не давала магчымасьцяў кандыдатам на роўных канкураваць за галасы выбаршчыкаў і не адпавядала абавязальніцтвам Беларусі як краіны-удзельніцы АБСЭ, а створаныя без удзелу апазыцыі ўчастковыя камісіі ня могуць лічыцца органамі, што сумленна падлічваюць галасы выбаршчыкаў.
З улікам выкладзенага і кіруючыся папярэднімі рашэньнямі пра фармат і ўмовы ўдзелу ў выбарчай кампаніі, Партыя БНФ:
− скасоўвае сваё рашэньне аб вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў;
− заклікае выбаршчыкаў устрымацца ад удзелу ў галасаваньні на падстве адсутнасьці сумленных і справядлівых выбараў.
Паводле Гарадок.інфо
Фота "За правы чалавека"