Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў зладзіў кампанію па інфармаваньні ўсіх пракурораў Віцебскай вобласьці аб Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых чалавечую годнасць відаў абыходжаньня й пакараньня.
За паўтара месяца ён сустрэўся з 25 пракурорамі, яшчэ двум адаслаў матэрыялы па пошце.
Праваабаронца пакідаў пракурорам ў якасьці інфармацыйных матэрыялаў выніковыя заўвагі па Беларусі Камітэту ААН супраць катаваньняў, прынятыя на 47-й сэсіі Камітэту.
У дакумэнце выказваецца занепакоенасьць у сувязі з парушэньнем правоў затрыманых, ужываньнем катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, беспакаранасьцю і адсутнасьцю своечасовага і бесстароньняга расьследаваньня прымяненьня катаваньняў у Беларусі. Наша краіна зьяўляецца сябрам Канвэнцыі супраць катаваньняў і на 47-й сэсіі Камітэта ААН, якая адбылася летась, прадстаўляла даклад. Праўда, зроблены ён быў з 9-гадовым спазьненьнем. На той жа сэсіі быў агучаны альтэрнатыўны даклад беларускіх праваабаронцаў. Камітэт прапанаваў Рэспубліцы Беларусь зрабіць чарговую справаздачу аб сытуацыі з катаваньнямі ў краіне да 25 лістапада 2012 года.
«На вялікі жаль, пракуроры выявілі, я б сказаў, дрымучасьць у пытаньнях права, - распавёў Павел Левінаў журналістам на прэс-канферэнцыі, прысьвечанай падвядзеньню вынікаў кампаніі. – Пракурор Расонскага раёну пасьля 30-хвіліннай размовы наогул не зразумеў мяне. Пракурор Полацка распавядаў пра тое, як пракуратура стаіць на варце абароны правоў грамадзян і як пракуроры нядаўна абаранілі права грамадзяніна... на ваду, пасля таго як яму яе адключылі. А пракурор Віцебскага раёну падчас сустрэчы не прамовіў ані слова...»
Толькі адзін з 27 пракурораў, па словах Левінава, быў, што называецца, у тэме – гэта выконваючая абавязкі пракурора Сененскага раёну.
На вялікі жаль, пракуроры выявілі дрымучасьць у пытаньнях права...
Асноўная рэакцыя пракурораў на праблему, якую спрабаваў данесьці праваабаронца, была такая: у нас у раёне такога няма. Чаму не? Таму што няма зваротаў грамадзян...
«Я спрабаваў растлумачыць: тое, што няма зваротаў, і тое, што вам невядомыя факты, гэта не значыць, што іх няма. Людзі баяцца скардзіцца на праваахоўныя ворганы. Баяцца помсты. А іншыя – проста ня ведаюць пра тое, што маюць такое права, і не разумеюць, што яно парушана», – распавёў праваабаронца.
Апошнім этапам у гэтым «хаджэньні па пракурорах» было наведваньне праваабаронцам 4 верасьня пракурора Віцебскай вобласьці Генадзя Дыско. Гутарка з Дыско доўжылася каля 40 хвілін і нават аднойчы перарасла ў дыскусію.
«Я йшоў на сустрэчу з надзеяй, але апынулася, што і пракурор вобласьці разважае гэтак жа, як і яго падначаленыя. Ён кажа аб заканадаўстве РБ і не разумее, што такое права. Я спрабаваў растлумачыць, што міжнародныя дамовы, якія ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, зьяўляюцца нормай дзеючага заканадаўства. Але аказваецца, у нас для пракурорскіх работнікаў ўсё, што ніжэй Канстытуцыі, выконваецца, а Канстытуцыя і Міжнародныя дагаворы – гэта нешта такое аморфнае ...» – падзяліўся ўражаньнямі Левінаў.
Ён паказваў абласному пракурору публікацыі СМІ пра факты парушэньняў Канвенцыі ААН аб катаваньнях. У прыватнасці, пра тое, як у 2009 годзе супрацоўнікі Першамайскага РАУС катавалі непаўналетніх хлапчукоў, абвінавачаных у забойстве (па іх прызнаньнях ў судзе, ім засоўвалі ў раты пісталеты) і апраўданых ў 2011 годзе. Дарэчы, пракурорская праверка па факце прымяненьня недазволеных метадаў супрацоўнікамі РАУС зацягнулася ўжо больш чым на год.
Левінаў нагадаў Дыско пра гучную справу лекара Дробыша: міліцыянты-каты апынуліся-такі за кратамі, але ілжэсьведкі дагэтуль на свабодзе. Праваабаронца нагадаў таксама пракурору аб звароце ў абласную пракуратуру віцебскай актывісткі Алены Семенчуковай, у якім яна паказвала на факты прымяненьня да яе катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня ў віцебскім ІЧУ. Зварот у выніку спусьцілі да начальніка УУС ...
У канцы гутаркі Левінаў выказаў надзею, што пракуратура вобласьці здольная арганізаваць належны кантроль за выкананьнем правоў чалавека ў гэтай галіне.
«Магчыма, уся гэтая інфармацыя прымусіць іх задумацца над гэтай праблемай і прымусіць прымаць-ткі меры», – падсумаваў праваабаронца, паабяцаўшы ў будучыні «данесьці гэтую інфармацыю вось такім жа чынам да кожнага пракурора краіны».
Па словах Паўла Левінава, Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе не прадугледжана адказнасьць за прымяненьне катаванняў і бесчалавечнага абыходжаньня з боку праваахоўных органаў.