У Глыбокім на Плошчы 17 верасьня адкрылі алею славутых беларусаў – нараджэнцаў Глыбоччыны. Урачыстае адкрыцьцё адбылося падчас сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства і друку 2 верасьня.
Восем бюстаў выбітных глыбачан былі ўсталяваны замест вельмі нязграбнага помніка Леніну, які дагэтуль стаяў у парку і быў зруйнаваны колькі месяцаў таму.
Такім чынам удзячныя патомкі ўшанавалі памяць пра мастака і вандроўніка Язэпа Драздовіча, стваральніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага, дзеяча беларускага адраджэньня Вацлава Ластоўскага, фундатара глыбоцкіх касьцёлаў Язэпа Корсака, стваральніка сучаснага іўрыту Элізэра Бэн-Ягуды, удзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, літаратара Алеся Дубровіча, авіяканструктара Паўла Сухога і Героя Савецкага Саюзу Пятра Казлова.
Бюсты ствараліся ў Віцебску вядомымі скульптарамі Валерам Магучым, Аляксандрам Гвозьдзікавым, Іванам Казаком, Азатам Тарасянам ды іншымі.
Як мяркуюць самі глыбачане, адкрыцьцё алеі славутых землякоў – беспрэцэдэнтная падзея ня толькі для Глыбокага, але і для ўсёй Беларусі. Ці зробіцца гэта тэндэнцыяй – пакажа час.
На фота - бюст Язэпу Драздовічу. Фота westki.info