Сярэднямесячны заробак па Віцебскай вобласьці ў ліпені 2012 года склаў 3 млн. 543 тыс. рублёў. Такую лічбу падае ў сваёй справаздачы Нацыянальны статыстычны камітэт. Між тым, сярэдні заробак работнікаў адукацыі не дацягвае і да трох мільёнаў…
Сярэднямесячны ліпеньскі заробак па Віцебшчыне апынуўся меньшым за паказьнік па ўсёй краіне амаль на 400 тысяч рублёў. Паводле Мінстату, па Беларусі ён дасягнуў у мінулым месяцы 3 млн. 925 тысяч (прыблізна 470 даляраў).
Дарэчы, ніводны рэгіён краіны, акрамя Мінску (4 млн. 961 тыс. рублёў) і Мінскай вобласьці (4 млн. 002 тыс.), да сярэднерэспубліканскай велічыні не дацягнуў. Самы меньшы сярэдні заробак, калі верыць статыстыцы, быў у ліпені на Брэстчыне – 3 млн. 429 тыс. рублёў.
Велічыня сярэднямесячнага заробку па краіне ў ліпені склалася з лічбаў, паміж якімі цэлая бездань. Гэтак, напрыклад, найбольшая зарабатная плата ў Беларусі была зафіксавана ў працаўнікоў, якія займаюцца “дзейнасьцю, зьвязанай з вылічальнай тэхнікай” – 9 млн. 522 тыс. рублёў. Вытворцы нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў мелі ў ліпені сярэднямесячны заробак 8 млн. 274 тыс. рублёў.
А найменьшая налічаная зарабатная плата была ў работнікаў, задзейнічаных у сфэры аказаньня сацыяльных паслуг (2 млн. 510 тыс. рублёў) і ў адукацыі (2 млн. 704 тыс.).
Нагадаем, што ў ліпені на сумесным паседжаньні прэзідыуму абласнога Савету і аблвыканкаму старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец паведаміў, што “пераглядаюцца паказьнікі, каб да канца года сярэдняя па вобласьці зарабатнаяя плата дасягнула 580 даляраў” (цытуем Белта).
Пакуль што яна складае прыкладна 425 даляраў.
“Што такое 500 даляраў? Гэта ня грошы”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі на Гарадзеншчыну 9 жніўня 2012 года.
Але ці шмат хто атрымлівае хаця б 425 баксаў на Віцебшчыне ў рэальным жыцьці?.. Пра гэта статыстыка маўчыць.
Фота: n1.by