30-гадовы жыхар Чашнікаў Вадзім Калодкін мусіць выплаціць штраф у памеры 2,5 млн. рублёў за жорсткае абыходжаньне з жывёламі (арт. 15.45 КоАП) і кампенсацыю за нанясеньне шкоды навакольнаму асяродзьдзю – 20 млн. 760 тыс. рублёў.
Калодкін часткова прызнаў сваю віну. Але пасьля суду засталося шмат пытаньняў.
Нагадаем, што 17 чэрвеня арнітолягі знайшлі на Лукомскім возеры 28 скалечаных птушанят бакланаў – з адрэзанымі наддзюбкамі. Абвінавачаны прызнаўся ў судзе, што сапраўды ўчыніў гэтае жывадзёрства. Але казаў, што адрэзаў дзюбы толькі ў шасьці птушак. Прычым, апраўдваючыся, настойваў на тым, што адразаў ўжо пасьля таго, як забіў птушанят.
Арнітоляг Віталь Кашчэеў, які выступаў у судзе ў якасьці сьведкі, выказаў упэўненасьць, што аднаму чалавеку зрабіць гэта немагчыма. І што, верагодна, Калодкін бярэ на сябе віну за іншых злачынцаў.
Кашчэеў таксама сцьвярджае, што 28 птушак, якіх знайшлі мёртвымі, – гэта ня ўсе ахвяры жывадзёрства. Па ягоных падліках, іх мусіць быць 50-70, бо некаторыя бакланы пасьпелі зьляцець і загінулі ў іншых месцах. Бязь дзюбаў птушкі не выжываюць.
Арнітоляг аспрэчыў інфармацыю афіцыйных СМІ пра тое, што, калі стала вядома пра злачынства, жывым бакланам з абрэзанымі дзюбамі рабілі эўтаназію, то бок усыплялі – каб пазбавіць ад пакутаў. Як высьветлілася ў судзе, ім проста адкручвалі галовы…
Судзьдзя Марына Дробыш не ўзяла пад увагу сьведчаньні арнітоляга.
Засталіся нявысьветленымі і матывы злачынства. Абвінавачаны казаў, што рабіў гэта “проста так” і ніякай карысьці з гэтага ня меў. Але, паводле міліцэйскага пратаколу, Калодкін адразаў дзюбы, каб здаць іх у рыбгас і атрымаць за іх грошы. У судзе ён адмовіўся ад гэтых тлумачэньняў.
У Чашніцкім рыбгасе, у сваю чаргу, сцьвярджаюць, што за дзюбы бакланаў ніякіх грошаў даўно не даюць. Але не адмаўляюць, што маюць на баклана, як на шкодную птушку, ліміт адстрэлу – 300 птушак.
Такім чынам, адзіным доказам віны Калодкіна на судзе было ягонае ўласнае прызнаньне, прычым – частковае. Суд у Чашніках скончыўся цягам гадзіны.