Віцебская вобласьць зьяўляецца аўтсайдэрам паводле ўзроўню фінансавай дысцыпліны сярод рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на паседжаньні калегіі КДК.
Ад эфэктыўнага і эканомнага расходаваньня бюджэтных сродкаў залежыць як эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну ў цэлым, так і дабрабыт асобнага яго жыхара, падкрэсьліў Леанід Анфімаў. Паводле яго слоў, удзельная вага бюджэту Віцебскай вобласьці ў кансалідаваным бюджэце Беларусі - каля 4,5%, што забясьпечвае яму 4-е месца сярод бюджэтаў абласьцей рэспублікі. Разам з тым Віцебская вобласьць зьяўляецца "лідэрам" па выяўленых парушэньнях - падчас праверак выкананьня мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі Віцебскай вобласьці бюджэтнага заканадаўства за 2012-2013 гады выяўленыя парушэньні на рэкордную суму ў Br48,3 млрд.
Аналягічныя праверкі былі праведзеныя ў Віцебскай вобласьці ў 2011 годзе, тады было выяўленае выкарыстаньне не паводле мэтавага прызначэньня, з парушэньнем заканадаўства, а таксама незаконнае атрыманьне бюджэтных сродкаў на агульную суму Br3,2 млрд. "Відавочна, што належных высноў кіраўнікі фінансавых службаў не зрабілі і парушэньні дапускаюцца зноў, па нарастаючай, - сказаў выконваючы абавязкі старшыні КДК. - Па-ранейшаму выяўляюцца факты парушэньняў аблвыканкамам заканадаўства пры арганізацыі бюджэтнага працэсу, а таксама парадку і ўмоў аказаньня дзяржаўнай падтрымкі".
Штогод з абласнога бюджэту суб'ектам гаспадараньня вылучаліся немалыя фінансавыя сродкі ў выглядзе бюджэтных пазык. Аблвыканкам ажыцьцяўляў вяртаньне крэдытаў банкаў за неплацежаздольныя прадпрыемствы. Праблема вяртаньня гэтых сродкаў у бюджэт ня страчвае вастрыні. Аб'ём пратэрмінаванай запазычанасьці арганізацыяў па пазыках на пачатак 2014 году складаў Br47 млрд (30% сумы доўгу), а запазычанасьць па выкананых гарантыях - амаль Br690 млрд. "Прычына такога становішча ў тым, што бюджэтныя сродкі працягваюць вылучацца неплацежаздольным прадпрыемствам зь нізкай імавернасьцю вяртаньня даўгоў у прадпісаныя тэрміны", - лічыць Леанід Анфімаў.
Так, дзяржпадтрымка ў выглядзе кампэнсацыі часткі адсоткаў за карыстаньне банкаўскімі крэдытамі з абласнога бюджэту ў 2012 годзе была аказаная 68 прадпрыемствам АПК на суму Br14,4 млрд, у 2013 годзе - 97 прадпрыемствам АПК на Br44,7 млрд. Прымаючы рашэньні аб аказаньні дзяржпадтрымкі ў выглядзе кампэнсацыі з абласнога бюджэту часткі адсоткаў за карыстаньне крэдытамі, аблвыканкам часьцяком ня ўлічваў дадзеныя аб выкананьні арганізацыямі умоў аказаньня дзяржпадтрымкі за ранейшы пэрыяд. Так, у 2012 годзе ня выканалі ўмоваў аказаньня дзяржпадтрымкі 207 арганізацыяў (57,3% ад тых, што атрымалі), у 2013 годзе - 293 арганізацыі (80,5%). Пры гэтым у 2013 годзе аблвыканкам не прымаў рашэньняў пра захаваньне або адмену дзяржпадтрымкі арганізацыям, якія ня выканалі ў 2012 годзе ўмоваў яе аказаньня.
Аблвыканкам і аблсельгасхарч не зьдзяйсьнялі дастатковага кантролю за аказаньнем дзяржпадтрымкі і своечасовым павелічэньнем долі камунальнай уласнасьці вобласьці ў статутных фондах недзяржаўных юрыдычных асоб.
Леанід Анфімаў акцэнтаваў увагу на праблемах, выяўленых у жыльлёва-камунальнай сфэры: "Праверкі паказалі, што ў Віцебскай вобласьці не забясьпечваецца бюджэтная дысцыпліна пры выкарыстаньні сродкаў, выдзеленых на гэтую галіну". У арганізацыях ЖКГ выяўленыя некаторыя парушэньняў: ад завышэньня кошту будаўнічых, рамонтных і мантажных работ і выдаткаў па добраўпарадкаваньні да завышэньня сабекошту жыльлёва-камунальных паслуг (на суму Br6 млрд), што пацягнула неабгрунтаваныя выплаты зь бюджэту субсыдыяў на пакрыцьцё часткі панесеных выдаткаў.
Такім чынам, рэзюмаваў Леанід Анфімаў, парушэньні бюджэтнага заканадаўства ў Віцебскай вобласьці носяць масавы характар. Мясцовыя органы ўлады ня ў поўнай меры рэалізуюць дадзеныя ім паўнамоцтвы па эфэктыўным і мэтавым выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў. Тэрытарыяльныя фінансавыя органы і аблвыканкамы не заўсёды своечасова, у поўным аб'ёме і комплексна праводзяць працу па папярэджаньні і выяўленьні парушэньняў бюджэтнага заканадаўства.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня кантролю бюджэтна-фінансавай сфэры КДК Аляксандр Курлыпо праінфармаваў, што на 25 ліпеня бягучага году па матэрыялах праверак прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці 13 юрыдычных асоб на суму Br482,8 млн і 27 фізычных асоб на суму Br20,4 млн. Да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасьці прыцягнутыя 39 службовых асоб. Вернутыя ў бюджэт Br11,7 млрд (з улікам адсоткаў), незаконна атрыманых і выкарыстаных з парушэньнем бюджэтнага заканадаўства.
Калегія Камітэту дзяржкантролю прапанавала Віцебскаму аблвыканкаму прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў, поўным аднаўленьні незаконна атрыманых і з парушэньнем заканадаўства выкарыстаных бюджэтных сродкаў, а таксама разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватых службовых асоб.
belta.by