У працоўным калектыве «Полацак-Шкловалакна» ўзьнікла калектыўная працоўная спрэчка. Частка рабочых ня згодная з асобнымі нормамі калектыўнай дамовы. Пасьля шэрагу працэдур, прадугледжаных Працоўным кодэксам, працоўныя накіравалі дырэктару патрабаваньне «зьмяніць незаконныя нормы калектыўнай дамовы». Паводле ўказу прэзыдэнта наймальнік абавязаны быў цягам трох дзён з дня ўзьнікненьня працоўнай спрэчкі з рабочымі паведаміць пра яе ў Дэпартамэнт аховы працы – але гэтага не адбылося.
Рабочыя пісьмова абскардзілі
У сувязі з парушэньнем указу прэзыдэнта працоўныя «Шкловалакна» накіравалі тры скаргі на бязьдзейнасьць наймальніка ў Дэпартамэнт аховы працы ўсіх узроўняў: у Полацкую міжраённую інспэкцыю працы, у Віцебскі аблвыканкам на імя яго старшыні, у цэнтральны менскі офіс Дэпартамэнту аховы працы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Пра што працоўныя спрачаюцца з дырэктарам
Датай пачатку калектыўнай працоўнай спрэчкі паводле закону лічыцца дзень, калі наймальнік адмовіў працаўнікам у задавальненьні нават часткі іх патрабаваньняў. Такой датай стала 30 сьнежня, калі намесьнік дырэктара па ідэалёгіі Людміла Проп падпісала ліст Свабоднаму прафсаюзу (дарэчы, гэта быў перадапошні дзень працы Людмілы Проп у ААТ «Полацак-Шкловалакно»). Гэты ліст быў адказам на патрабаваньні рабочых зьмяніць дзеючую калектыўную дамову ў частцы дыскрымінацыйных нормаў. Дыскрымінацыйныя нормы калектыўнай дамовы падзяляюць стаўленьне наймальніка да працоўных па прыкмеце прыналежнасьці да таго ці іншага прафсаюзу, што забаронена артыкулам 14 Працоўнага кодэксу.
Раней пункт 5.8 калдамовы выглядаў так:
«Скасаваньне працоўнай дамовы з работнікам, сябрам Белхімпрафсаюзу, з ініцыятывы наймальніка зьдзяйсьняецца з папярэдняй згоды прафсаюзнага камітэту, а сябра СПБ – са згоды Рады СПБ (у выпадку падачы сьпісаў СПБ), за выключэньнем выпадкаў:...»
З 1 студзені 2013 г. пункт 5.8 калектыўнай дамовы выкладаецца ў наступнай рэдакцыі:
«Скасаваньне працоўнай дамовы з ініцыятывы наймальніка з работнікам, сябрам Белхімпрафсаюзу, ажыцьцяўляецца з папярэдняй згоды прафсаюзнага камітэту, а сябра першаснай арганізацыі СПБ – з апавяшчэньнем рады першаснай арганізацыі СПБ, за выключэньнем выпадкаў: ...»
Цярпліва скардзіліся ўвесь 2013-й год
На працягу ўсяго 2013 году працаўнікі абскарджвалі зьмены ў калектыўнай дамове прадпрыемства ў розных дзяржаўных інстанцыях. Інтарэсы абураных рабочых у дзяржорганах прадстаўляе Свабодны прафсаюз «Шкловалакна». Сярод дзяржорганаў, куды скардзіліся працаўнікі, – полацкая і віцебская пракуратуры, полацкая міжраённая інспэкцыя працы, полацкі гарвыканкам, суды Полацку, Віцебску і нават Канстытуцыйны суд, канцэрн «Белнафтахім».
Ніхто з гэтых дзяржаўных устаноў, закліканых стаяць на ахове закону, ня ўзяў на сябе сьмеласьці прызнаць пункт 5.8 калдамовы несапраўдным, бо яна зьмяшчае дыскрымінацыйныя ўмовы.
Спрэчка на просьбу чыноўнікаў
Большая частка гэтых дзяржструктур прапанавала рабочым самім уступаць у калектыўную працоўную спрэчку з наймальнікам. Вось, напрыклад, што паведамляў намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Каранько Георгі Аляксандравіч: "...Адначасова растлумачваю, што ў выпадку, калі ў арганізацыі дзейнічае некалькі прафсаюзаў, то кожны зь іх (ад імя сваіх сябраў) можа самастойна ўдзельнічаць у вырашэньні калектыўнай працоўнай спрэчкі з наймальнікам па пытаньнях заключэньня, зьмены ці дапаўненьні калектыўнай дамовы».
Тлумачэньне такога ж кшталту зьмяшчалася і ў адказе Канстытуцыйнага суду Беларусі.
Аднак наймальнік, ААТ «Полацак-Шкловалакно», вырашыў сабатаваць калектыўныя патрабаваньні рабочых і не заўважаць працоўнай спрэчкі ў парушэньне Ўказу № 320 ад 23 ліпеня 2013 году «Аб некаторых пытаньнях урэгуляваньня калектыўных працоўных спрэчак».
Рабочыя «Шкловалакна» чакаюць канструктыўнай рэакцыі Дэпартамэнту па ахове працы.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info