На апэратыўнай нарадзе галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму былі заслуханыя старшыня суду Кастрычніцкага раёна Віцебску Яўген Буруноў і намесьнік старшыні гэтага суду Ганна Папкова. Падставай для разгляду ў органе юстыцыі дзеяньняў судовых чыноўнікаў стаў зварот праваабаронцы Паўла Левінава (на фота). Фактычны аналіз працы Кастрычніцкага райсуду Віцебску выявіў адсутнасьць належнага кантролю з боку кіраўніцтва суду за выкананьнем судзьдзямі працэсуальных законаў.
У выніку старшыню суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Бурунову і яго намесьніцы Папковай строга паказана на парушэньні дзеючага заканадаўства пры вырашэньні пытаньня аб выдачы праваабаронцу матывацыйнай часткі рашэньня суду.
Гэта ўжо ня першы выпадак рэагаваньня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі на парушэньні заканадаўства судзьдзямі раённых судоў. У прыватнасьці, надоечы была зьвернутая ўвага судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Натальлі Караблінай на недапушчальнасьць парушэньняў працэсуальнага заканадаўства пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Таксама згаданым органам юстыцыі быў пацьверджаны факт парушэньня крымінальна-працэсуальнага заканадаўства судзьдзём гэтага суду Андрэем Прэйсам. У выніку выяўленьня названых фактаў парушэньняў старшыню Першамайскага райсуду А.А. Андрушенко было паказана на неабходнасьць кантролю за працай судзьдзяў і апэратыўнага рэагаваньня на заявы грамадзян адносна непісьменных дзеяньняў падначаленых яму судзьдзяў.
Праваабаронца Павал Левінаў абяцае, што ён і ў далейшым будзе імкнуцца выяўляць парушэньні працэсуальнага заканадаўства з боку судзьдзяў і паведамляць пра гэтыя выпадках у органы юстыцыі для прыняцьця неадкладных мер па ліквідацыі парушэньняў і пакараньні вінаватых.