Зь віцебскім сябрам партыі БНФ Аляксеем Гудзіліным невядомыя правялі «прафіляктычную гутарку». Ад яго запатрабавалі спыніць сваю дзейнасьць і больш не «піярыць» БНФ. Каб малады чалавек лепш зразумеў сказанае, яго зьбілі.
Інцыдэнт здарыўся 14 сьнежня. Аляксей Гудзілін вяртаўся з практыкі, ён вучыцца на зваршчыка. Па дарозе вырашыў завітаць да свайго сябра, каб разам пайсьці ў спартовую залю. Аднак, выйшаўшы з трамвая, ён змог прайсьці толькі некалькі мэтраў, пасьля чаго быў спынены людзьмі ў цывільным.
«На вуліцы Сьмятаніна да мяне падышлі двое чалавек. На выгляд ім было гадоў па 40-45. Сказалі, што я павінен зь імі прайсьці. Я спытаў: “Зь якой прычыны? Я ж не судзімы, у мяне штрафаў нават няма. Завошта мне кудысьці праходзіць?” Хвіліны празь дзьве пад’ехала машына. Мяне туды пагрузілі. Гвалтоўна-прымусова…» – распавядае партыйны актывіст.
Аляксея заштурхнулі на задняе сядзеньне аўтамабіля, самі селі па абодва бакі ад яго: «Яны мне сказалі: Навошта ты займаесься такой дзейнасьцю, піярыш партыю БНФ?».
Потым адзін з мужчын нанёс Аляксею кулаком удар у твар: «Зьбілі мяне. У выніку зламаны нос, закрыты пералом. Мне сказалі, што я не павінен больш хадзіць у БНФ, наогул піярыць яго і займацца абы-чым. “Абы-чым” – гэта адстойваць спартовую залю? Гэта проста абсурд!»
Спартовая заля, якую згадвае Алексей Гудзілін, знаходзіцца ў раёне ДСК. Гэта адзіная трэнажорная заля на ўвесь раён, у ёй рэгулярна займаюцца спортам некалькі дзясяткаў чалавек, як дарослых, гэтак і дзяцей. На пачатку кастрычніка камунальнікі зачынілі былі залю нібыта з прычыны яе нерэнтабэльнасьці і скарацілі пасаду трэнэра (майстар спорту Аляксандар Таболін прапрацаваў тут 17 гадоў, зь ім вырашылі не працягваць кантракт).
Памяшканьне спартзалі ЖРЭТ зьбіраўся пераабсталяваць у краму ці склад. Тады Аляксей, які сам займаецца там спортам цягам дзесяці гадоў, пачаў змаганьне. Ён здолеў прыцягнуць да сытуацыі ўвагу грамадзкасьці. Пра гісторыю з закрыцьцём залі напісалі «Народныя навіны Віцебска» і «Камсамольская праўда», быў паказаны сюжэт на тэлевізійным канале СТВ. У выніку ЖРЭТ мусіў адступіцца – спартовую залю зноў адчынілі, з трэнэрам працягнулі кантракт, праўда пакуль толькі на паўгода.
«Засмуціла тое, што калі я змагаўся за гэтую залю, ніводзін са 120 чалавек не пагадзіўся са мною гэта рабіць, бо я адразу сказаў, што я ад партыі БНФ. Мне сказалі: “Гэта ж апазыцыйная партыя, нас жа пасадзяць у турму”. Трэнэр таксама вельмі баяўся. Ва ўсіх СМІ, якія паведамлялі пра гэта, выразалі тыя моманты, дзе я згадваў партыю БНФ», – распавёў Аляксей.
Хлопец кажа, што ён узьняў рэйтынг БНФ у вачох сваіх сяброў: «Цяпер партыю БНФ ведаюць на трэніроўках, ведаюць, што вось такі чалавек ходзіць сюды, трэніруецца, і ён адстаяў спартзалю сваімі сіламі». Відаць, менавіта рост папулярнасьці апазыцыйнае партыі сярод наведвальнікаў трэнажорнай залі, да якога спрычыніўся Аляксей, і стаў прычынай яго зьбіцьця.
Асобы, што збівалі маладзёна, імаверна, зьяўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў. Бо, як кажа Аляксей, яны паказалі яму нейкія пасьведчаньні, але зроблена гэта было так хутка, што ён не пасьпеў разгледзець, што ў тых пасьведчаньнях было напісана.
Дыялёг