Новых асуджаных у спэцкамэндатуру №7 не прывозяць, старажылы “сядзяць на валізах”. Ад 100 чалавек перашапачатковай колькасьці ў вёсцы Куплін зараз засталося толькі каля 40 “хімікаў”.
Пра гэта распавёў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец: “Камэндатуру, хутчэй за ўсё, будуць расьсяляць — засталося чалавек 40 з той сотні, якая была. Там нейкія свае справы ў Дэпартамэнту па выкананьні пакараньняў — казалі, што хімія вельмі дрэнная па ўмовах і трэба яе распускаць. Ну, і ўсе сядзяць на валізах”.
Паводле слоў Севярынца, супрацоўнікі камэндатуры ўжо складалі сьпіс: хто з асуджаных дзе працуе, кім, хто дзе можа спатрэбіцца. Каля 10 чалавек ужо нават накіравалі працаваць на МАЗ. І, кажа палітвязень, хадзілі размовы, што пэўную колькасьць людзей могуць накіраваць на “Гомсельмаш”. Але ці трапіць ён пад гэтае “перасяленьне” ці свае 11 месяцаў будзе дапрацоўваць у Купліне, Севярынец ня ведае.
Нагадаем, што Павал Севярынец быў асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году на тры гады “хіміі”. Адбывае пакараньне ён у спэцкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці.
Эўрарадыё