Група навучэнцаў і выкладчыкаў гімназіі нямецкага Нінбургу дапамагае ў добраўпарадкаваньні тэрыторыі колішняга Віцебскага гета і іншых знакавых для габрэйскай грамады мясьцін, паведаміў дырэктар СШ №21 Сяргей Зыбін.
"З 20 па 26 жніўня ў Віцебску гасьцююць крыху больш за дзясятак гімназістаў у веку 17-21 год з гораду-пабраціма Нінбургу, а таксама выкладчыкі і іншыя дарослыя, якім блізкая тэма Галакосту. Апроч знаёмства зь Віцебскам яны яшчэ наводзяць парадак на месцы былога гета, а наша школа якраз знаходзіцца ў гэтым раёне. Дэлегацыя прыехала на запрашэньне гарадзкой габрэйскай грамады, зь якой мы шчыльна супрацоўнічаем", – сказаў Сяргей Зыбін.
Ён патлумачыў, што з 2015 году на базе СШ №21 пачаў працаваць клюб ЮНЭСКА "Прайд" – каб хоць нейкім чынам залучыць у грамадзка карысную дзейнасьць праблемную моладзь. Тады сама быў запушчаны праект "Віцебскае гета: не дапусьціць забыцьця": праведзена шмат мерапрыемстваў па захаваньні і ўмацаваньні памяці пра Галакост і Віцебскае гета.
"Пачалі супрацоўнічаць з вэтэранскімі арганізацыямі, колішнімі малалетнімі вязьнямі, сталі даглядаць невялічкі мэмарыял на беразе Дзьвіны. Пасьля летась у нас прайшла вялікая канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў амаль усіх габрэйскіх арганізацыяў Беларусі. Усталяваліся цесныя зносіны зь пісьменьнікам, журналістам, аўтарам кнігі "Віцебскае гета: хронікі страшных дзён"Аркадзем Шульманам. Паступова пра нашу дзейнасьць стала вядома за мяжой. І немцы самі прапанавалі наведаць нас менавіта ў якасьці валянтэраў", – дадаў дырэктыў школы.
Курыруе клюб "Прайд" настаўніца гісторыі Алена Кутоўская. Яна распавяла, што візыт гасьцей зь Нінбургу пачаўся 19 жніўня – спачатку яны пабывалі на экскурсіях у Менску і Хатыні. Мінулымі днямі ў Віцебску замежнікі пабывалі на некалькіх экскурсіях – як па габрэйскіх мясьцінах, шагалаўскіх кварталах і музэях, гэтак і ў цэлым па горадзе. Паўдзельнічалі разам зь беларускімі шкалярамі ў круглым стале, дзе абмяркоўвалася тэма Галакосту ва ўспрыманьні сучаснай моладзьдзю, а ў якасьці экспэрта выступіў Аркадзь Шульман; зладзілі разам міжнародны флэшмоб #NOT A TARGET ( "Я не мішэнь"), далучыўшыся да агульнасусьветнага руху супраць тэрору. І ўжо з 21 жніўня па некалькі гадзін на дзень нямецкія валянтэры разам з актывістамі "Прайду" занятыя на добраўпарадкаваньні Віцебскага гета і габрэйскіх могілак і на месцы будаўніцтва новай сынагогі.
"Цешыць, што паміж старэйшымі нямецкімі студэнтамі і нашымі 9-10-класьнікамі няма ўзроставага канфлікту, а веданьне ангельскай абодвума бакамі яшчэ больш дапамагае ўзаемаразуменьню. Кожнага дня маладзёны праводзяць разам, працуюць, гуляюць, размаўляюць. У праграме заплянаванае наведваньне дому-музэю Марка Шагала, дзіцячай мастацкай школы №1, знаёмства з гісторыяй габрэйскай грамады гораду, разнастайныя культурніцкія імпрэзы", – дадала Алена Кутоўская.
Праграма міжнароднага абмену ініцыяваная Бюро моладзевага турызму "Спадарожнік" і бурмістроўства Нінбургу.
Кацярына Князева, belta.by
Фота: tut.by