Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту перадаў у суд справу 30-гадовай жанчыны зь Віцебску, якая, паводле сьледчых, дапусьціла сьмерць свайго нованароджанага дзіцяці па неасьцярожнасьці.
Жанчына, як кажуць сьледчыя, стала на ўлік у жаночай кансультацыі, прайшла абсьледаваньне, але адмовілася ад ужываньня прапісаных лекаў і шэрагу важных дасьледаваньняў. У дзень родаў яна зноў адмовілася ад шпіталізацыі, хоць яе папярэджвалі пра магчымыя складанасьці і небясьпечныя наступствы хатніх родаў. Жанчына была перакананая, што нараджаць у радзільні небясьпечна, і спасылалася на ранейшыя роды па-за лякарняй.
Увечары 17 лютага жанчына нарадзіла жыцьцяздольную дачку, але не паведаміла пра тое мэдыкам і не прыняла мераў па кантролі стану дзіцяці. У выніку ў дачкі наступіла асьпірацыя каляплоднымі водамі. Жанчына зьвярнулася да мэдыкаў, толькі калі яе спробы рэанімаваць дзіця не далі вынікаў.
Мэдыкі «хуткай дапамогі» даставілі дзіця ў рэанімацыю віцебскай радзільні, правёўшы па дарозе магчымыя рэанімацыйныя дзеяньні, але неўзабаве дзіця памерла.
Жанчыну заключылі пад варту. Яе прызналі псыхічна здаровай і сьвядомай – яна магла асэнсоўваць небясьпеку сваіх дзеяньняў. Цяпер за прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці (частка 1 артыкулу 144 КК РБ) ёй пагражаюць папраўчыя работы, або да трох гадоў абмежаваньня ці пазбаўленьня волі.
Самі па сабе хатнія роды ў Беларусі не караюцца паводле закону (і не забароненыя, калі гаворка вядзецца пра экстраныя выпадкі), але праца акушэраў па-за стацыянарамі забароненая законам. Цалкам пасьпяхова праходзяць толькі 16% хатніх родаў, у астатніх выпадках ад дапамогі мэдыкаў можа залежаць жыцьцё і дзіцяці, і парадзіхі. Тым ня меней штогод нараджаюць дома каля 300 беларусак.
Радыё Свабода