Аршанскі льнокамбінат валакно не прымае. А прадаваць прадукцыю іншым пакупнікам нельга, бо для гэтага трэба атрымаць адпаведны дазвол, якога ніхто не дае.
З ураджаю гэтага году Пастаўскі льнозавод забясьпечыў сябе сыравінай на работу ў дзьве зьмены аж да ліпеня 2017-га. Трасты і семя сабрана на траціну больш, чымся летась, хоць з прычыны неспрыяльнага надвор’я давялося сьпісаць 7% ад пасяўной плошчы.
А яна ў пастаўчан немаленькая: 2 тысячы гектараў, раскіданых па 9 гаспадарках. Каб не залежаць ад ільнаводаў адкрытых акцыянэрных таварыстваў, на прадпрыемстве з году ў год нарошчвалі плошчу пад паўночным ядвабам, пашыралі для гэтага парк спэцыялізаванай тэхнікі, вучылі людзей.
– Цяпер у гэтай справе мы спэцыялісты,– гаворыць вядучы аграном прадпрыемства Раіса Гарлачова. – Аднак і 2-х тысяч га пры існуючай ураджайнасьці пад магутнасьці заводу мала, а прыдатныя землі пад вырошчваньне даўгунцу практычна ўсе ў раёне занятыя. Выйсьце бачым у павышэньні ўраджайнасьці трасты і льнасемя і ў пашырэньні геаграфіі сыравіннай тэрыторыі, магчыма, у Браслаўскім, Шаркоўшчынскім і Докшыцкім раёнах. Апошняя праблема не ў кампэтэнцыі нашага калектыву, але, спадзяёмся, рашэньне будзе знойдзенае. Мы ж ставім перад сабой задачу ў наступным годзе сабраць ураджай яшчэ на траціну большы, чымся сёлета. Рэзэрвы для гэтага ёсьць.
Сапраўды, калектыў суседняга Мосарскага заводу, што на Глыбоччыне, меў з гектара па 40,7 цэнтнэру трасты – найлепшы паказчык па вобласьці. Ён арыентыр для пастаўчан, якія атрымалі з гектара толькі па 29 цэнтнэраў і паклалі ў шохі 5 367 тон сыравіны. Сабралі з палёў усю, хоць гэта далося цяжка. Спачатку надвор’е перашкаджала церабленьню, а потым не хапіла часу для яе вылежкі. Праблема, зь якой сутыкнуліся, бадай, усе льнозаводы вобласьці.
Пастаўскія мэханізатары дзяжурылі ў полі, стараліся скарыстаць кожную спрыяльную гадзіну, каб узьняць, спрасаваць трасту, зьвезьці яе пад дах. А калі ўзьнікла пагроза, што непагадзь у чарговы раз зблытае пляны, дырэкцыя прадпрыемства папрасіла дапамогі ў работнікаў іншых калектываў. Яны адгукнуліся. За тры дні рэшткі трасты былі зьвезеныя і складаваныя ў шохі, за што калектыў заводу вельмі ўдзячны памочнікам.
Праўда, праблемы на гэтым ня скончыліся. Не да канца вылежаная траста, а ўсьлед за ёй і валакно сёлета маюць жоўтае ці рыжаватае адценьне, і праз гэта, кажуць на заводзе, Аршанскі льнокамбінат яго не прымае. Выйсьце з гэтай сытуацыі як быццам ёсьць. Калі камбінат адмаўляецца ад валакна, то яго можна прадаць таму, хто гатовы купіць. І такія жадаючыя маюцца. Ёсьць акт, складзены кампэтэнтнай працоўнай групай, што лепш адсартаваць валакно завод ня можа. Толькі дазволу на рэалізацыю прадукцыі іншым пакупнікам пакуль яму ніхто не дае.
Сытуацыю, што склалася на льнозаводах вобласьці, дырэктар ААТ «Віцебскабллён» Тацяна Ярома назвала парадаксальнай. Пераменлівае надвор’е паўплывала на тое, што льновалакно сапраўды мае розныя каляровыя адценьні. Камбінату яно не патрэбнае. Але і заводы ў сваю чаргу ня могуць рэалізаваць яго іншым пакупнікам, пакуль ня будзе выкананы дзяржзаказ, які ў параўнаньні зь леташнім павялічаны сёлета ў два разы.
Пакуль праблема чакае вырашэньня, завод працуе, думае пра заўтрашні дзень. Пад будучы ўраджай узьнятая глеба, амаль на ўсёй плошчы ўнесеныя гліфасаты, хлёрысты калій. Хапае і свайго насеньня пэрспэктыўных гатункаў высокай рэпрадукцыі.
Тамара Пашкевіч, vitvesti.by
Фота: Антон Сьцепанішчаў