Стваральнік найпрыгажэйшага ў Віцебску аздабленьня пад'езду Вадзім Кузьмін павінен уласнымі рукамі зьнішчыць плён сваёй працы. Зрабіць гэта ад яго патрабуюць пажарнікі.
Падпалкоўніка ў адстаўцы Вадзіма Кузьміна, ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС, жыхары Віцебску ведаюць ня толькі як сталага ўдзельніка выбарчых кампаніяў. Сябра партыі «Справядлівы сьвет» праславіўся яшчэ і тым, што ягонымі намаганьнямі пад'езд шматкватэрнага дому па вуліцы Ўладзімера Караткевіча, што ў мікрараёне Білева, стаў адным з найпрыгажэйшых у горадзе.
Непаўторнае аблічча пад'езду і няўрымсьлівыя высілкі заўзятага віцебчука на працягу сямі апошніх гадоў не аднойчы траплялі на старонкі мясцовых і рэспубліканскіх газэтаў. А пасьля таго, як некалькі тэлевізійных каналаў зьнялі на гэтую тэму свае рэпартажы, пад'езд на нейкі час стаў месцам паломніцтва цікаўных грамадзянаў. Некаторыя зь месьцічаў на прыклад Вадзіма Мікалаевіча таксама загарэліся жаданьнем аздобіць інтэр'еры сваіх пад'ездаў.
Пакрысе ажыятаж суцішыўся, але, здавалася б, утульнае існаваньне ў амаль музэйных інтэр'ерах лесьвічных ды міжпавярховых пляцовак ніколі не было ціхамірным і бесканфліктным. Жыцьцё раз-пораз абвяргала выслоўе вядомага пісьменьніка, што «прыгажосьць уратуе сьвет». Увесь час знаходзіліся людзі, якіх альтруістычныя памкненьні вайсковага пэнсіянэра раздражнялі, не давалі спакойна жыць і нават падштурхоўвалі да ліхадзейства: з паверхаў пэрыядычна зьнікалі насьценныя электронныя гадзіньнікі, карціны ў багетных рамках, венікі і іншыя рэчы, купленыя спадаром Вадзімам за ўласныя грошы дзеля агульнай карысьці. Паводле слоў Вадзіма Мікалаевіча, за гэты час ён напісаў 147 заяваў і скаргаў у Першамайскі РАУС адносна ўчыненых крадзяжоў. Адказы міліцыянтаў заўсёды былі стандартныя: «Знойдзем – пакараем», або «Хочаце, каб ня кралі – ахоўвайце».
Кажа Вадзім Кузьмін:
– Крыўдна, калі зьнікаюць адначасова дзевяць насьценных гадзіннікаў, а міліцыянты кажуць: «Вы знайшлі іх на сьметніку, таму мы шукаць ня будзем». З-за турботаў, якія стваралі крадзяжы, аднаго разу прагучалі нават непрыхаваныя пагрозы з боку афіцэра-праваахоўніка. Маўляў, я зраблю так, што ты прыбярэш адсюль усю сваю самадзейнасьць, у зубах вынесеш.
Столькі гадоў віселі на сьценах рогі аленяў ды ласёў, пакуль сёлета не зьявілася аб'ява: «Куплю рогі дорага». На працягу кароткага часу скралі чатырнаццаць рагоў. Зрабіць крадзеж без драбін немагчыма, таму знайсьці злачынцаў па гарачых сьлядох было можна, бо абавязкова нехта мусіў бачыць. Аднак, спаслаўшыся на пункт 2 часткі 1 артыкулу 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, у распачынаньні крымінальнай справы мне адмовілі.
У сярэдзіне лістапада Вадзім Кузьмін упэўніўся, што колішнія пагрозы з вуснаў міліцыянта не былі пустыя: інспэктар па наглядзе і прафіляктыцы Віцебскага гарадзкога аддзелу па надзвычайных сытуацыях старшы лейтэнант Максім Генісаў прызначыў яму сустрэчу і ўзяў тлумачэньні наконт прыналежнасьці рэчаў, выстаўленых у інтэр'ерах пад'езду.
Як сьцьвярджае інспэктар МНС, разьмяшчэньне староньніх рэчаў ў пад'ездзе парушае пастанову Савету Міністраў ад 21 траўня 2013 г. № 399, якая рэгулюе правілы карыстаньня жылымі памяшканьнямі, утрыманьня жылых і дапаможных памяшканняў. У разьвешаных на сьценах карцінах, паліцах, расстаўленых вазах і вазонах з кветкамі інспэктар угледзеў факт «загрувашчваньня калідораў, лесьвічных маршаў і пляцовак, праходаў, запасных выхадаў і іншых дапаможных памяшканьняў». Згодна з правіламі пажарнай бясьпекі, на шляхох эвакуацыі таксама не павінны знаходзіцца дывановыя і рулонныя падлогавыя пакрыцьці, якія не адпавядаюць патрабаваньням нарматыўных дакумэнтаў.
Такім чынам, шматгадовыя намаганьні Вадзіма Мікалаевіча расквеціць шэрую будзённасьць разьбіліся аб бескампраміснае заканадаўства і побытавы натуралізм быцьця. У адпаведнасьці з часткай 1 артыкулу 23.56 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, парушэньне заканадаўства аб пажарнай бясьпецы пагражае Кузьміну штрафам у памеры да трыццаці базавых велічыняў. А каб прывесьці выгляд інтэр'еру ў прапанаваны пажарабясьпечны стан, трэба амаль столькі ж намаганьняў, колькі было прыкладзена для яго стварэньня.
С. Горкі