У жніўні 2015 году маленькая жыхарка Полацку Жэня праглынула электрабатарэйку. Супраць лекараў мясцовага шпіталя, якія займаліся 2,5-гадовым дзіцем, была распачатая крымінальная справа за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў. У чэрвені іх асудзілі, прысуд набыў законную моц.
12 жніўня дзяўчынку пачало ванітаваць, яна стала дрэнна есьці, распавядала мама Жэні. У шпіталі ёй зрабілі рэнтген, але батарэйкі ў арганізьме лекары ня ўбачылі. Паставілі дыягназ: прастуда. Празь пяць дзён стан пагоршыўся. Зрабілі другі рэнтген – і зноў ня ўбачылі батарэйку. Зноў дыягнаставалі прастуду. Тое, што ў арганізьме іншароднае цела, лекар у Полацку выказаў здагадку толькі праз 9 дзён – 21 жніўня, калі дзіця было ўжо ў коме. Ратавалі Жэню менскія мэдыкі. Пазьней дзяўчынка перанесла тры апэрацыі. «У яе ўжо няма стрававода, пацярпеў мозг. Яна цяпер як немаўля: не гаворыць, плача, скрыгоча зубамі, засынае толькі на рукох», – распавядала мама.
– Лекар хірургічнага аддзяленьня А. пасьля дастаўленьня ў прыёмнае аддзяленьне Полацкай ЦГБ малалетняй пацыенткі зь меркаваным дыягназам «іншароднае цела страўніка (батарэйка)» падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў, дзейнічаючы па неасьцярожнасьці ў форме нядбайнасьці, не прадбачачы магчымасьці наступу грамадзка небясьпечных наступстваў сваіх дзеяньняў, не правёў неабходны аб'ём дасьледаваньняў, які дазваляе вызначыць правільны дыягназ. Невыяўленьне лекарам-хірургам наяўнасьці іншароднага цела (батарэйкі) у страваводзе прывяло да павелічэньня працягласьці траўмуючага ўзьдзеяньня іншароднага цела на акаляючыя органы і тканкі дзіцяці аж да ўзьнікненьня небясьпечных для жыцьця ўскладненьняў.
Лекар-рэнтгеноляг аддзяленьня прамянёвай дыягностыкі Ч. дала недакладнае і няпоўнае заключэньне: ні ў апісаньні здымка, ні ў заключэньні не паказала рэнтгенакантрасныя іншародныя целы, не ўдакладніла ў маці малалетняй К. і рэнтген-лябаранта зьвесткі пра наяўнасьць ў пацыенткі р рэнтгенакантраснага іншароднага прадмета авальнай (круглай) формы на шыі і грудной клетцы дзіцяці, не зрабіла дадаткова рэнтгенаграфію грудной клеткі ў бакавой праекцыі, што прывяло да ўскладненьняў, небясьпечных для жыцьця дзіцяці, – распавялі ў Віцебскім абласным судзе.
У судзе абвінавачаныя прызналі віну цалкам.
Лекар-хірург і лекар-рэнтгеноляг прызнаныя вінаватымі ў зьдзяйсьненьні неналежнага выкананьня прафэсійных абавязкаў мэдычным работнікам, што пацягнула прычыненьне пацыенту зь неасьцярогі цяжкага цялеснага пашкоджаньня. Хірургу прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займацца мэдычнай дзейнасьцю тэрмінам на два гады са штрафам у памеры 3 150 рублёў (трыццаць адзін мільён пяцьсот тысяч старымі), рэнтгенолягу прызначылі штраф 10 500 (сто пяць мільёнаў недэнамінаваных) рублёў.
tut.by