Гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што ў Беларусі ідзе супрацьстаяньне дзьвюх плыняў чыноўнікаў – нацыянальнай і прарасейскай. Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску – гэта адказ прарасейскай плыні на ўсталяваньне помніку Альгерду, які зьявіўся ў Віцебску ў 2014 годзе.
20 чэрвеня ў Віцебску ўсталявалі помнік Аляксандру Неўскаму і яго жонцы. Скульптурная кампазыцыя зьявілася на Плошчы 1000-годзьдзя Віцебску.
Адкрыцьцё скульптуры, якая паказвае сустрэчу князя з жонкай і сынам, адбылося 24 чэрвеня, у межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня гораду.
Ідэя ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму належыць віцебскім гарадзкім уладам. У адказ на пратэсты віцяблян, якія кажуць пра адсутнасьць гістарычных сувязяў паміж Віцебскам і расейскім князем, улады прыдумалі аргумэнт. Маўляў, гэта будзе ня помнік Аляксандру Неўскаму, а скульптурная кампазыцыя, якая ўвасабляе сямейныя каштоўнасьці, бо другой жонкай Аляксандра Неўскага была віцебская княжна Аляксандра.
Гісторык Аляксандр Краўцэвіч сказаў у камэнтары, што з гістарычнага пункту гледжаньня Аляксандар Неўскі ня мае дачыненьня да беларускіх земляў. А тое, што помнік яму зьявіўся ў Віцебску, сьведчыць пра наступ «русского мира»:
«Апошняе дзесяцігодзьдзе ў Беларусі ідзе канкурэнцыя і змаганьне ў чыноўніцкіх асяродках. Змагаюцца дзьве плыні – нацыянальная, патрыятычная, дзякуючы якой у тым жа Віцебску паставілі помнік Альгерду, а другая – расейская. Помнік Аляксандру Неўскаму – гэта адказ прарасейскай часткі эліты. І я мяркую, што гэты адказ быў зроблены пад прамым ціскам з Масквы. У Расеі адсочваюць усё, што робіцца ў Беларусі, вельмі хваравіта рэагуюць на кожную шыльду і абʼяву на беларускай мове. Таму ўсталяваньне гэтага помніку – гэта праява наступу “русского мира”».
Таго факту, што Аляксандар Неўскі быў жанаты на дачцэ полацкага князя, абсалютна недастаткова, каб ставіць яму помнік, дадаў Алесь Краўцэвіч:
«Аляксандар Неўскі ня меў абсалютна ніякага дачыненьня да гісторыі Беларусі. Ён быў прыхільнікам татарскага панаваньня. Цяпер Аляксандар Неўскі – гэта знакавая фігура “русского мира”. І тое, што помнік яму паставілі ў Віцебску, адназначна пра гэта гаворыць. Так, ён быў жанаты з дачкой полацкага князя. Ну і што? Ці мала хто быў жанаты з дочкамі нашых князёў. Польскі кароль, напрыклад. Дык мы ж ня ставім яму помнік».
Тым часам тэлевядоўца і ляўрэат прэміі Лукашэнкі «За духоўнае адраджэньне» Вячаслаў Бандарэнка ў камэнтары «чарнасоценнаму» сайту «Западная Русь» назваў незадаволенасьць ідэяй помніку Неўскаму «ціхім паўзучым фашызмам».
Радыё Свабода