Беларускія дзеці на майскія сьвяты ўдзельнічалі ў велікодных міжнародных моладзевых ваенна-патрыятычных зборах у Маскоўскай вобласьці. Гэтае мерапрыемства насіла займальны характар і «ня можа разглядацца як вярбоўка, навучаньне, фінансаваньне альбо выкарыстаньне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяньнях». Гэтак адказала беларускае МУС на пэтыцыю з патрабаваньнем праверыць, чым займаліся беларускія дзеці ў расейскім ваенна-патрыятычным лягеры.
У дакумэнце, падпісаным начальнікам Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Мікалаем Карпенкавым, гаворыцца, што зборы, якія праходзілі ў Маскве і Маскоўскай вобласьці, былі прысьвечаныя 75-годзьдзю пачатку Вялікай Айчыннай Вайны і 100-годзьдзю Брусілаўскага прарыву. Арганізатарам паездкі беларускіх дзяцей стала грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, якая мае пасьведчаньне на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, жыхарка Віцебску Тацяна Гаўрыліна.
Дзейнічала Гаўрыліна як прыватная асоба, «імкнучыся разнастаіць вольны час і кругагляд» дзяцей. Паводле зьвестак МУС, з прапановы скарысталіся пяцёра з 15 запрошаных школьнікаў.
Падчас паездкі дзеці пабывалі на рэпэтыцыі параду Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве, з экскурсіяй праехаліся па пушкінскіх месцах у расейскай сталіцы, а таксама сьпявалі песьні ля вогнішча, удзельнічалі ў розных конкурсах, гулялі ў лязэртаг.
«Мерапрыемствы, у якіх узялі ўдзел беларускія дзеці, паводле свайго зьместу і скіраванасьці ня мелі на мэце прыцягненьня грамадзян Рэспублікі Беларусь для іх непасрэднага ўдзелу ў якіх-небудзь канкрэтных ваенных канфліктах, насілі займальны характар і грунтаваліся на сьвяткаваньні агульнапрызнаных гістарычных фактаў ваеннай мінуўшчыны народаў Расеі і Беларусі», – адзначаюць у МУС, а таму «дзейнасьць арганізатараў праведзенага мерапрыемства ня можа разглядацца як вярбоўка, навучаньне, фінансаваньне альбо выкарыстаньне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяньнях».
Што тычыцца прысутнасьці на гэтых зборах расейскага нэанацыста Аляксея Мільчакова, то, як паведамляе МУС, «названы грамадзянін, паводле слоў апытаных, заняткаў не праводзіў і зь беларускімі дзецьмі не меў зносін».
Дакладных зьвестак пра супрацьпраўныя паводзіны Мільчакова ў Беларусі ці за яе межамі няма. Высновы пра тое, што ён прытрымліваецца экстрэмісцкіх поглядаў, зробленыя на падставе вывучэньня яго асабістых старонак у сацыяльных сетках. «Гэтая крыніца ня можа быць аднесеная да эфэктыўных сродкаў распаўсюду супрацьпраўных ідэяў і заклікаў з прычыны іх абмежаванасьці ўплыву на шырокія пласты грамадзтва і адсутнасьці безумоўнага аўтарытэту іх аўтара», – інфармуе МУС.
Праваахоўнікі адзначаюць, што падзяляюць асьцярогі грамадзян у гэтым пытаньні, будуць і далей праводзіць адпаведныя прафіляктычныя і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. І рэгулярна інфармаваць грамадзкасьць пра іх вынікі ў сродках масавай інфармацыі.
Кіраўнік праекту petitions.by і ініцыятар гэтай пэтыцыі Ўладзімер Кавалкін кажа, што, безумоўна, добра, што МУС сочыць за сытуацыяй. Разам з тым, адзначае актывіст, яго бянтэжыць дваякі падыход беларускіх праваахоўнікаў. «З аднаго боку, міліцэйскае ведамства праяўляе памяркоўнасьць да ваенна-патрыятычных лягероў, дзе беларускіх дзяцей выхоўваюць у межах ідэалёгіі рускага сьвету, а з другога – да грамадзянскіх актывістаў у Беларусі (напрыклад, Эдуард Пальчыс, якому пагражае рэальны крымінальны тэрмін) значна больш жорсткую і пільную ўвагу».
Публікацыя пра тое, што беларускіх школьнікаў адпраўлялі на ваенныя зборы ў Падмаскоўе, зьявілася ў выданьні «Наша Ніва». У ёй паведамлялася, што ваенна-патрыятычным выхаваньнем дзяцей там займаліся расейскія нэанацысты, якія ваявалі на Данбасе. Паводле вэрсіі газэты, да арганізацыі паездкі аказаліся датычныя каляказацкія арганізацыі і сьвятары Віцебскай епархіі. У царкве датычнасьць да збораў на тэрыторыі Расеі адмаўлялі.
«Я ня ведаю, хто куды каго адпраўляў. За ўвесь час, пакуль я тут служу, ані з Друцку, ані з Талачына ніякія дзеці ад царквы ў Расею ня езьдзілі. Гэта паклёп», – сказаў TUT.BY айцец Алег Плаксіцкі.
Публікацыю ў Віцебскай епархіі расцанілі як вайну супраць праваслаўнай царквы.
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што сытуацыя з удзелам беларускіх школьнікаў у ваенных вучэньнях у Расеі правяраецца. Гэтым жа займаецца і Камітэт дзяржбясьпекі.
tut.by