Напрыканцы студзеня ў бешанковіцкай раённай газэце «Зара» зьявіўся артыкул памочніка пракурора Веры Ларковай. Размова ў ім вялася наконт «лядашчага» двухпавярховага будынку па вуліцы Мічурына, 19.
Будынак той - сядзіба «Стары Мар’янфэльд», дзе калісь разьмяшчаўся бровар – вінакурня, пабудаваная ў 19-м стагодзьдзі. Згодна з рашэньнем Бешанковіцкага райвыканкаму, у 2006-м годзе будынак прызнаны аварыйным і непрыгодным для пражываньня.
Уладальнік будынку, Бешанковіцкая раённая вэтстанцыя, за дзесяць гадоў не знайшоў сродкаў, каб яго зьнішчыць. Яно і зразумела: дом гэты быў пабудаваны больш за сто гадоў таму, але мураваныя сьцены і сёньня вытрымаюць нават артабстрэл, яны так проста не паддадуцца.
І вось цяпер зноў узьнімаецца пытаньне аб ягонай аварыйнасьці і зносе. (Пра тое, што будынак трэба закансэрваваць, каб не дапусьціць далейшага разбурэньня, - я абсалютна згодны з аўтаркай згаданага артыкулу.)
Вы толькі зірніце на ўсю манумэнтальнасьць гэтай пабудовы. Няўжо тое, што народ называе «лукашоўкамі», можна параўнаць з гэтай прыгажосьцю? За сто гадоў аніводная цагліна ня страціла сваёй першапачатковай формы. Дом анідзе ня даў аніводнай трэшчыны!!!
Што можа быць аварыйным у такога дому? Адсутнасьць столі і падлогі? Яе што, няма з чаго напілаваць? Мо’ мы ўжо прадалі ўвесь лес за мяжу, ці ён больш не ідзе на дачы чыноўнікам?
Мне здаецца, калі мы будзем зьнішчаць такія будынкі, то гэта будзе яскрава сьведчыць пра поўную адсутнасьць мазгоў у нашых чыноўнікаў. Трэба не зьнішчаць, а рэстаўраваць, каб зрабіць у ім яшчэ адзін музэй. А рашэньне Бешанковіцкага райвыканкаму трэба перагледзіць і адмяніць.
Г. Станкевіч, beshankovichy.by