Навуковец, заснавальнік праваабарончай установы «Пляцформа» Міхаіл Жамчужны ў лісьце з калёніі ў Навасадах паведаміў пра тое, які псыхалягічны ціск ён зазнаваў, калі набліжаўся суд.
У лісьце Міхаіла Жамчужнага, які атрымаў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, ідзе гаворка пра віцебскі ізалятар.
«У ізалятары часовага ўтрыманьня, дзе я быў першыя тры дні пасьля арышту, да мяне падсадзілі нейкага непаголенага суб’екта, які дасканала валодаў турэмным слэнгам. Але, мяркуючы па яго пытаньнях да мяне, ён добра ведаў пра маё абвінавачаньне і спрабаваў па гарачых сьлядох высьветліць падрабязнасьці справы, тых, з кім я „працаваў“, месцы збыту інфармацыі і крыніцы фінансаваньня. Гэтыя дзеяньні КДБ заведама былі правальныя, таму што ўсё гэта я праходзіў па першым абвінавачаньні. Пасьля гэтага я быў зьмешчаны ў камэру сьледчага ізалятару, дзе з пад’ёму да адбою двое зьняволеных на поўную моц голасу адначасова распавядалі свае аўтабіяграфіі з падрабязнасьцямі. У такіх умовах ні пісаць, ні думаць было немагчыма», – напісаў Міхаіл Жамчужны ў лісьце да Леаніда Сьвеціка.
На думку Леаніда Сьвеціка, такія захады супроць Міхаіла Жамчужнага рабіліся адмыслова, каб перашкодзіць яму рыхтавацца да суду.
У 2014 годзе Міхаіла Жамчужнага арыштавалі і пазьней асудзілі за незаконнае завалоданьне сакрэтнай інфармацыяй пра дзейнасьць праваахоўных органаў, таксама праваабаронцу прызналі вінаватым у спробе даць хабар міліцыянту. Суд над Жамчужным быў закрыты, таму падрабязнасьці справы дакладна не вядомыя. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што гаворка вялася пра зьвесткі аб злоўжываньнях міліцыянтаў і выніках службовых расьсьледаваньняў гэтых фактаў. У канцы 2015 году Міхаіл Жамчужны ў Беларусі быў прызнаны палітвязьнем. Праваабаронцы патрабуюць вызваліць яго і перагледзець справу ў адкрытым працэсе.
Леанід Сьвецік, які раней ня знаў Міхала Жамчужнага, цяпер зь ім актыўна лістуецца: «Ужо атрымаў ад яго 8 лістоў. Ён падрабязна апісвае сваё жыцьцё ў калёніі ў Навасадах, але на некаторыя рэчы толькі намякае. У прыватнасьці, Міхаіл згадвае нейкіх „кваліфікаваных ворагаў“, якія яму не дазваляюць забыць пра тое, што ён за кратамі. Мяркую, працягваецца прэсінг на яго з боку адміністрацыі, але рукамі іншых вязьняў. Але адкрыта ён пра гэта паведаміць, відаць, ня можа, таму больш распавядае пра ранейшыя факты ціску, якія зь ім былі яшчэ да калёніі ў Навасадах».
У 2015 годзе Віцебскі абласны суд прысудзіў праваабаронцу Міхаілу Жамчужнаму 6 гадоў зьняволеньня, але Вярхоўны суд на пратэст пракуратуры справу перагледзеў і дадаў да гэтага тэрміну яшчэ 6 месяцаў. Міхаіл Жамчужны сваёй віны дагэтуль не прызнаў і цяпер рыхтуе наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду, паведаміў праваабаронца Леанід Сьвецік.
Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org