З 1 студзеня віцебскія рынкі і гандлёвыя цэнтры спыняюць працу. Мясцовыя прадпрымальнікі накіравалі ў Віцебскі гарвыканкам лісты з інфармацыяй пра сваё рашэньне. Яно зьвязанае з набыцьцём моцы з новага году ўказу №222. Як адзначае старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч, віцебскія прадпрымальнікі не сыходзяць на калядныя вакацыі: яны папярэджваюць, што не адновяць працу, пакуль на дзяржаўным узроўні ня вырашацца іхныя праблемы.
Ірына Яскевіч: «Людзі будуць закрываць свае крамкі. Будзе вісець абвестка, што мы не працуем, бо ня ў стане выканаць нормы гэтага ўказу. Мы пісалі звароты і агучвалі нашы прапановы кіраўніцтву краіны. Будуць пікеты. Мы напісалі адмысловы ліст, каб ніхто не казаў па тэлебачаньні, што мы нібыта пайшлі ў адпачынак і хутка вернемся. Хопіць хлусіць! Мы больш ня ў стане так працаваць».
Рашэньне спыніць працу на няпэўны тэрмін прадпрымальнікі прынялі на сходзе 27 сьнежня. Нагадаем, з 1 студзеня, паводле ўказу № 222, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.
racyja.com