Сярод захадаў па выратаваньні бюджэту: зьніжэньне выдаткаў на рэканструкцыю і капрамонт, набыцьцё абсталяваньня (апроч мэдычнага), правядзеньне масавых мерапрыемстваў, аптымізацыя штатнай колькасьці бюджэтных устаноў фізкультуры і спорту, культуры, адукацыі, аховы здароўя.
За 4 месяцы бягучага году кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласьці выкананы з дэфіцытам 313 мільярдаў рублёў, што патрабуе неадкладнага прыняцьця мер па скарачэньні выдаткаў. Пра гэта паведаміў на плянавым паседжаньні прэзыдыюму абласнога Савету дэпутатаў яго старшыня Аляксандар Ацясаў.
Паводле яго слоў, на выкананьне бюджэту паўплывалі зьмены курсаў расейскага і беларускага рубля, надыход даўгавых забавязаньняў перад сусьветнымі банкамі, валютнымі фондамі. Як дадаў старшыня аблсавету, маецца нядоімка па плацяжох у кансалідаваны бюджэт, запазычанасьць па падаходным падатку, і крэдыторская запазычанасьць прыкметна вырасла з пачатку году.
Сярод захадаў па скарачэньні выдаткаў прапанавана: зьніжэньне выдаткаў на бягучае ўтрыманьне аб'ектаў добраўпарадкаваньня, рэканструкцыю і капітальныя рамонты, набыцьцё абсталяваньня (апроч мэдычнага) і іншых выдаткаў, у тым ліку на правядзеньне культурна-масавых мерапрыемстваў. Неабходна прадоўжыць аптымізацыю штатнай колькасьці і сеткавых паказчыкаў бюджэтных устаноў у галінах фізкультуры і спорту, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Таксама скарачэньню бюджэтнага фінансаваньня паспрыяе рост даходаў бюджэтных арганізацыяў ад пазабюджэтнай дзейнасьці і ўласных даходаў арганізацыяў, якія атрымліваюць субсідыі.
ximik.info