Сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву зноў адмовілі ў правядзеньні двух пікетаў салідарнасьці з Украінай. Гэта ўжо другая забарона акцыяў аднолькавай тэматыкі, і актывіст хоча прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў арганізацыяў, якія мусяць займацца "абслугоўваньнем акцыяў".
"17 кастрычніка мы плянавалі акцыю салідарнасьці з Украінай у парку Мазурына, 20 кастрычніка – у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Адміністрацыі Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў, куды мы зьвярталіся, дазволаў не далі. Мэтай меркаваных акцыяў было публічнае асуджэньне агрэсіі Расеі ў дачыненьні да незалежнай сувэрэннай Украіны. Аднак і ня гэта самае істотнае: забароны акцыяў, чаму б яны ні былі прысьвечаныя, працягваюцца ў Віцебску ўжо пяты год. І пяты год, згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму №881, парушаюцца нашы грамадзянскія правы".
Мінулым разам актывісты КХП БНФ атрымалі адмовы ад чыноўнікаў месяц таму. Прычына адмоваў у тым, што партыйцы не заключылі дамовы на абслугоўваньне акцыяў з ЖКГ, мэдыкамі цэнтральнай гарадзкой паліклінікі і міліцыяй, якіх раённыя чыноўнікі патрабуюць на падставе рашэньня Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску".
" Ні зь міліцыяй, ні з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай заключыць дамовы не ўдалося ні разу. Сытуацыя настолькі несправядлівая, што я пайшоў на экспэрымэнт: вырашыў заключыць дамовы толькі для пікету ў Чыгуначным раёне, а ў Кастрычніцкім – проста падаў заяўку. Вынік аднолькавы: забаронены абедзьве акцыі. Бо дамову пагадзіліся заключыць толькі камунальнікі – прадпрыемства "Віцебскі зелянбуд". Зь міліцыі адказалі, што будуць заключаць дамову толькі пасьля таго, як нам дадуць дазвол раённыя ўлады – гэтак напісана і ў законе аб масавых мерапрыемствах, але ж у рашэньні нашага гарвыканкаму – усё наадварот. А з паліклінікі прыйшла стандартная адпіска, якая выглядае на сапраўдны зьдзек: маўляў, мы ня можам заключаць папярэднія дамовы, бо ня ведаем, якая будзе сытуацыя з захворваньнямі у названы дзень, раптам яна будзе крытычная", - распавёў Ян Дзяржаўцаў.
Такім чынам, лічыць апазыцыянэр, дзяржаўныя структуры парушаюць рашэньне гарвыканкаму, дзе яны згаданыя ў якасьці адказных за абслугоўваньне акцыяў. Таму ён зьбіраецца падаць заяву ў суд супраць галоўурача паліклінікі, які падпісвае лісты з адмовамі ад супрацоўніцтва. А таксама рыхтуе зварот у Міністэрства унутраных спраў, каб там патлумачылі сытуацыю. І далі рэкамэндацыю, як дзейнічаць, калі абласная ўправа МУС не выконвае патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму.
Насамрэч сытуацыя крытычная: рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 сфармуляванае такім чынам, што сталася невыканальным, і ўжо за 5 гадоў віцебскія актывісты не змаглі атрымаць ніводнага дазволу на акцыі любога фармату. Тым часам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, да ўдзелу ў якіх практычна і падштурхоўвае невыканальнае рашэньне, актывісты атрымлівалі адміністрацыйныя пакараньні.
Дамагчыся зьменаў у рашэньне таксама не ўдаецца: актывістам адказваюць, што яно прайшло юрыдычную экспэртызу, зацьверджанае, і, значыць, прызнанае дасканалым.
spring96.org