Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26963940

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Косткі людзей на вуліцах Глыбокага

У пятніцу, 6 ліпеня, пачаліся земляныя работы на перакрыжаваньні вуліц Азёрнай і Леніна ў Глыбокім. Спрабуючы пашырыць вуліцу Азёрную, коўш "Амкадора" вывернуў з адкосу чалавечыя парэшткі. Некаторыя зь іх былі сабраныя работнікамі ЖКГ, але пасьля працоўнага дня ўскраек вуліцы выглядаў красамоўна(гл.фота). На ўсім працягу зрэзанага адкосу праз кожныя 1,5-2 метры - фрагменты чалавечых шкілетаў. Старажытныя могілкі, пра існаваньне якіх не памятаюць нават старажылы, нагадалі аб сабе.

 

Дарэчы, у гэты ж дзень на вуліцы Азёрнай быў адкапаны каменны крыж, які можа быць датаваны XVI стагодзьдзем. Пра знаходкі чалавечых парэшткаў на гэтым месцы ў мінулыя гады інфармацыі шмат. І пры будаўніцтве рэстарану на пачатку 60-х гадоў, і пры будаўніцтве глыбоцкага ўнівермагу ў 1979 годе масава трапляліся чалавечыя парэшткі.

Могілкі былі пры драўлянай царкве. У 1880 годзе Глыбоцкая праваслаўная Сьвята-Троіцкая царква згарэла і больш не аднаўлялася. На месцы царквы стаяў крыж, штогод, да 1939 года, сюды з царквы Нараджэньня Маці Божай хадзіў хросны ход. Каго хавалі на могілках пры драўлянай царкве? Жыхароў горада Глыбокае, уніятаў і праваслаўных. Таму тым, чые дзяды і прадзеды нарадзіліся і жылі ў Глыбокім, зь вялікай верагоднасьцю можна казаць, што на старых могілках, аб якіх ніхто не памятае, пахаваныя іх продкі ў восьмым калене і старэй.