Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26954792

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Алене Семенчуковай пагражае штраф у памеры ад 2-х да 5-ці мільёнаў рублёў або адміністрацыйны арышт

30 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся разгляд справы Алены Семенчуковай. Актывістку “Эўрапейскай Беларусі” абвінавачваюць ў правапарушэньні, прадугледжаным артыкулам 23.34 адміністрацыйнага кодэксу, - “парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў”. Яе судзяць паводле часткі 3 згаданага артыкулу КаАП

, згодна зь якой за парушэньне правядзеньня масавага мерапрыемства, зьдзейсьненае паўторна цягам году, актывістцы пагражае штраф у памеры ад 20-ці да 50-ці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Суд распачаўся а 10:00, але празь некаторы час быў перапынены. Судзьдзя Іна Грабоўская вырашыла, што міліцыянты, якія затрымлівалі актывістку, нешта наблыталі ў дакумэнтах, падрыхтаваных для суду, і адправіла справу на дапрацоўку. Пакуль міліцыянты “дапрацоўвалі” паперы, Алену Семенчукову трымалі ў РАУС Кастрычніцкага раёну. Адтуль пасьля абеду яе зноў прывезьлі ў суд, і працэс аднавіўся. Другое цягам дня судовае паседжаньне доўжылася нядоўга - дзяўчына заявіла хадайніцтва аб прыцягненьні да ўдзелу ў працэсе абаронцы, судзьдзя вырашыла хадайніцтва задаволіць і абвясьціла перапынак. Працяг разгляду справы прызначаны на 15:00 5 ліпеня.

Алена Семенчукова была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі напярэдадні раніцай. Разам зь ёй затрымалі і ейнага брата Сяргея. Маладзёны распаўсюджвалі сярод мінакоў улёткі з заклікам байкатаваць маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары. Распаўсюд агітацыйных матэрыялаў міліцыянты палічылі парушэньнем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах - брата і сястру даставілі ў Кастрычніцкі РАУС, склалі адпаведны пратакол. Пазьней Сяргей, які зьяўляецца непаўнагадовым, быў адпушчаны дадому. Алену ж пратрымалі ў пастарунку да вечара, потым адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ў адзіночнай камэры яна мусіла правесьці ноч, і адкуль нараніцы яе даставілі ў храм правасудзьдзя.

Сёлета Алена Семенчукова ўжо прызнавалася судом вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай уладамі акцыі. 20 сакавіка за плякат “Свабоду Сяргею Каваленку!”, зь якім яна стаяла ў цэнтры Віцебску, судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Алена Цыганкова пакарала актывістку “Эўрапейскай Беларусі” штрафам у памеры 5-ці базавых велічынь. Пазьней Віцебскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу, пададзеную Аленай Семенчуковай, зьменшыў суму штрафу ў дзесяць разоў.