Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
27147395

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Навучэнцы каледжу зьвяртаюцца да кіраўніка дзяржавы па абарону

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага станкаінструмэнтальнага каледжу зьбіраюць подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім яны просяць захаваць спортпляцоўкі, што належыць іх навучальнай установе. На месцы спартыўнай пляцоўкі каледжу Віцебскі гарвыканкам мае намер зрабіць аўтастаянку.

І за пляцоўку з турнікамі і футбольным полем разгарэлася самая сапраўдная вайна. Для ўладаў гораду паркоўка зьяўляецца выгадным камэрцыйным праектам: у гэтым месцы Віцебску знаходзіцца шмат забаўляльных установаў і розных арганізацыяў, і тры аўтастаянкі, што ўжо існуюць, не ратуюць сытуацыю.

А выкладчыкі каледжу клапоцяцца пра здароўе сваіх падапечных. Калектыў навучальнай установы мае ліставаньне з рознымі ўладнымі інстанцыямі ўжо больш за паўгода, з красавіка. Але сілы ў гэтай барацьбе, вядома ж, ня роўныя… За гэты час пасьпелі звольніць і зноў прыняць на працу (за сьмеласьць выступіць супраць рашэньня мэрыі) кіраўніка фізвыхаваньня каледжу Васіля Ільніцкага.

Цьвёрдая пазыцыя гэтага чалавека і імкненьне абараніць правы сваіх выхаванцаў вартыя павагі: «Цяпер тут парушаецца ня толькі права навучэнцаў разьвіваць сваю фізычную культуру, але і санітарныя нормы. Таму што аўтастаянкі нельга будаваць на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад навучальнай установы. Да таго ж, гэтая стаянка шкодная і для заапарку - туды ходзяць маленькія дзеці, там жывуць жывёлы. І, акрамя таго, наш каледж разьмешчаны ў месцы, якое гарадзкая ўлада раней зрабіла пешаходнай зонай. І маё велізарнае жаданьне, каб у гэтым мікрараёне было паменш машын, паменш стаянак».

Цяпер на былым футбольным полі езьдзіць тэхніка, якую дасылае заказчык будаўніцтва аўтастаянкі - Віцебская гарадзкая ЖКГ. Але студэнты і выкладчыкі ўсё адно не губляюць надзеі і зьбіраюць подпісы да кіраўніка дзяржавы. У гэтым лісьце ёсьць адзін слушны момант: «Побач з каледжам ёсьць тры стаянкі, але няма ніводнай спартыўнай пляцоўкі. Хіба гэта справядліва? Хай улады гораду думаюць ня толькі пра папаўненьне бюджэту, але і пра наша здароўе».

Пакуль навучэнцы каледжу займаюцца ў спартзалі. Яна хоць і абсталяваная далёка не найлепшым чынам, але ўсё ж прынамсі неяк ратуе сытуацыю. Хаця пры цяперашніх абставінах на некаторых ўроках там можа адначасова займацца тры групы. Дарэчы, паводле слоў В. Ільніцкага, улады, зьбіраючыся зносіць пляцоўку, параілі дзецям хадзіць займацца на стадыён у суседнюю школу № 10.

«Гэтае рашэньне парадаксальна. Спортпляцоўкі там няма і не было. Гэта пятачок заасфальтаваны, дзе стаяць дзьве баскетбольныя стойкі. Праводзіць там навучальны працэс немагчыма. Яго і так нам у верасьні, кастрычніку, лістападзе сарвалі. А вучні школы № 10, як і навучэнцы музычнай вучэльні, раней і самі прыходзілі здаваць нарматывы на стадыён нашага каледжу», - кажа Васіль Васільевіч. Выходзіць, спортпляцоўкі пазбаўляюць выхаванцаў адразу трох навучальных устаноў?

Народныя навіны Віцебска