Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26955527

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Глеб Лабадзенка ў Віцебску: Блог – гэта толькі інструмэнт для добрых спраў

Беларускі паэт, журналіст і блогер Глеб Лабадзенка 26 жніўня расказаў віцяблянам, чаму ня трэба разводзіць соплі па нібыта паміраючай беларускай культуры і як зрабіць карысным для культуры звычайны блог. Сустрэча з блогерам адбылася ў  культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо “Дзьвіна”.    

Ад самага пачатку Глеб Лабадзенка выказаў спадзеў, што будзе мала гаварыць пра блогі як такія. У выніку атрымалася, што гаварылі ўсё ж нібыта пра іх, але ўсе разумелі, што вядзецца пра беларускае жыцьцё і, найперш, пра беларускую культуру.

Для разагрэву заля (чалавек 30) крыху падыскутавала наконт таго, што лічыць менавіта беларускай культурай і чыі будуць Шагал ды Міцкевіч.   

Потым, узгадаўшы вядомых беларускіх блогераў – Ліпковіча, Кабанава, Малішэўскага ды іншых, – Лабадзенка адзначыў, што “сьмяяцца з сур’ёзнага – выгадны варыянт для блогера”.

Але ад сьмеху перайшлі да сьлёз па беларускай культуры, якая нібыта загінаецца. “Гэта ўжо нацыянальная марка – сядзець і плакаць, што культура памірае. І гэта ўсё соплі, якія разводзяць тыя, каму няма чым заняцца”, – заўважыў Лабадзенка.

І распавёў пра свой блог не дзеля блогу.  

“Блог дзеля блога – гэта пра тое, што я зьеў увечары. Фэйсбук, Укантакце, Аднакласьнікі – гэта спам, гэта забірае час, гэта забірае вашае жыцьцё. Вы сядзіце і гартаеце, хто што зьеў з раніцы і хто што зьеў зь вечару. Гэта проста ідыятызм. Дык вось: ня тое, што ў мяне ёсьць блог і я там бложу. Справа ў тым, што блог – гэта толькі інструмент для нейкіх добрых спраў,” – запэўніў выступоўца.

Фэйсбук, Укантакце, Аднакласьнікі – гэта спам, гэта забірае час, гэта забірае вашае жыцьцё. 

Лабадзенка паказаў, як можна выкарыстоўваць блог у якасьці інструмэнту для добрых спраў. Усё пачалося з 2005 году, калі ён даведаўся, што Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін жыве ў гаротным стане. Тады абвесьціў у сваім блогу кампанію па падтрымцы паэта. Быў зладжаны распродаж кніг Барадуліна. Ахвяравалі хто колькі мог. А за гэта атрымоўвалі кнігі з аўтографам дзядзькі Рыгора.

Далей – пайшло-паехала. З дапамогай блога (ды не без Божай дапамогі, зразумела), Глеб Лабадзенка арганізаваў акцыі па дапамозе сястры Васіля Быкава Валянціне Уладзіміраўне (у выніку ёй правялі тэлефон ды ўсталявалі новую газоўку), мінскаму мастаку Анатолю Налівайку (каб аднавіць ягоныя малюнкі Мінску 1945 года). Былі зьдзеснены праекты па выданьні ўнікальнага аўдыёдыску “Галасы” (“Галасы Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968”), першага непадцэнзурнага выданьня аповесці Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы” (рукапіс раману Лабадзенка атрымаў ад Барадуліна) і г.д. Усяго не пералічыш. Пра астатнія справы лепш даведацца ўласна на блогу Лабадзенкі.

Нагадаем таксама, што Глеб Лабадзенка – чалавек, які прывёз у Беларусь Радзівілаў. Зараз ён працуе над стварэннем ўнікальнага фотаальбома Радзівілаў, у які ўвойдуць 500 даваенных здымкаў з гісторыі роду.

А сустрэчу журналіст і блогер закончыў расповедам пра дзіцячы праект у малюнках, які мае працаваць на будучыню беларушчыны – “Дзіцячая заМова”.

“Вельмі важна ўсё рабіць талакой. І тое, наколькі ахвотна людзі ўдзельнічаюць у добрых справах, сьведчыць пра тое, што ў нас дэфіцыт добрых спраў…” – сьцвярджае Лабадзенка.

У гэтым сэнсе блог Лабадзенкі яшчэ і месца збору беларускай талакі. І тое, якія справы ладзіць гэтая талака, безумоўна, робіць ягоны блог часткай беларускай культуры.

 

Даведнік “Дыялёгу”:  Глеб Лабадзенка нарадзіўся ў Менску ў 1986 годзе. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа (2004), Беларускі калегіюм, адзьдзеляньне філасофіі/літаратуры (2007), Інстытут журналістыкі БДУ (2009).

Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў (2002), Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (2006), Беларускага ПЭН-цэнтру (2008).

Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай (2003), рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Дзень Зямлі-2002», уладальнік гран-пры конкурсу «Дзень Зямлі-2004», пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Франчэска Пэтраркі (2004). Ляўрэат першай прэміі «Залаты апостраф» (2004, прэмія літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў»), неаданразовы  ляўрэат прэміі "Вольнае слова" Беларускай асацыяцыі журналістаў. Працуе журналістам ад 2000 году. У 2005 годзе выдаў кнігу паэзіі «Pager-вершы».