Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26974006

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Суд адхіліў скаргу Аляксандра Кірылава на Віцебскі цэнтар занятасьці

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 3 жніўня не задаволіў скаргу кіраўніка Віцебскага аддзяленьня незарэгістраванай Беларускай кансэрватыўнай партыі “Белая Русь” Аляксандра Кірылава на дзеяньні упраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне гарвыканкаму.

Кірылаў у сваёй скарзе сьцьвярджаў, што дзяржаўны ворган парушыў ягоныя правы, зьняўшы яго ў красавіку 2012 года з уліку як беспрацоўнага. На яго погляд, супрацоўнікі біржы працы ставіліся да яго непрыязна і гэтая непрыязнасьць была абумоўлена ягонай грамадзянскай пазыцыяй і прыналежнасьцю да незарэгістраванай палітычнай партыі.

Аляксандар Кірылаў быў зарэгістраваны ў цэнтры занятасьці ў якасьці беспрацоўнага з 30 чэрвеня 2011 года. У судзе ён патлумачыў, што тыя вакансіі, якія яму прапаноўвалі ў цэнтры і куды накіроўвалі для працаўладкаваньня, апыналіся даўно занятымі. Дапамогу па беспрацоўі ён не атрымліваў, таму доўгі час знаходзіцца за рысай беднасьці.

Паводле словаў Кірылава, у ліпені 2011 года яго накіравалі на працу ў ААТ “Дзьвіна-Лада” ў якасьці аператара ЭВМ, нягледзячы на тое, што ў яго не было ані належнай адукацыі, ані досьведу аналагічнай працы. Як сцьвярджаў заяўнік, падчас звароту да наймальніка зь ім здарыўся астматычны прыступ, але “хуткую” ніхто не выклікаў. У выніку наймальнік пазначыў, што накіраваны адмовіўся ад працы.

У канцы жніўня яго накіравалі на працу ў якасьці адміністратара на прадпрыемства “Закон і парадак”. Але, са словаў Кірылава, ў ходзе гутаркі з працадаўцам, выявілася, што ў абавязкі адміністратара ўваходзіць чыстка каналізацыі, уборка прібіральняў ды выкананьне абавязкаў вартаўніка. Таму беспрацоўны быў вымушаны адмовіцца ад вакансіі.

У красавіку 2012 года Кірылаў зьвярнуўся ў Віцебскі гарвыканкам па дазвол аб правядзеньні мітынгаў і пікетаў пад лёзунгам: “Жабракі, беспрацоўныя, ахвяры палітычнага бязьмежжа – аб’яднайцеся!”, але атрымаў адмову. Акурат пасьля гэтага яму паведамілі ва ўпраўленьні працы пра тое, што 20 красавіка адбудзецца камісія, якая мае разглядзець пытаньне аб зьняцьці яго з уліку як беспрацоўнага. Камісія адбылася 19 красавіка. З уліку на біржы Кірылава зьнялі.

Беспрацоўны прасіў суд прызнаць рашэньне дзяржаўнага воргану незаконным і абавязаць упраўленьне па працы гарвыканкаму аднавіць яго на ўліку, а таксама вынесьці прыватнае пастанаўленьне аб парушэньнях заканадаўства.

У сваю чаргу, зацікаўленыя асобы упраўленьня працы, занятасьці і сацабароны цьвердзілі, што Кірылаў адмаўляўся ад прапанаваных вакансіяў з надуманых прычын. Казалі, што Кірылаў не прадставіў у цэнтар заключэньне ўрачэбнай камісіі  аб немагчымасьці працаваць на канкрэтна вызначанай працы. І што довады Кірылава аб перадузятым да яго стаўленьні ў сувязі зь яго палітычнай пазыцыяй не адпавядаюць рэальнасьці.  

Нагадалі, што, згодна з арт. 25 Закона “Аб занятасьці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, беспрацоўных здымаюць з уліку, калі яны адмаўляўцца ад дзьвюх прапаноў прыдатнай працы альбо ад дзьвюх прапаноў прайсьці перападрыхтоўку ці павысіць кваліфікацыю.

Судзьдзя Алена Папкова палічыла, што рашэньне цэнтра занятасьці было абгрунатваным і што правы заяўніка не былі парушаны, і адхіліла скаргу Кірылава.

Адзначым, што ў ходзе працэсу Кірылаў заяўляў адвод судзьдзі Папковай, бо, на яго погляд, яна няўважліва слухала ягоныя тлумачэньні падчас папярэдняга пасяджэньня, не задаволіла ягоныя хадайніцтвы аб запатрабаваньні матэрыялаў праверкі з Мінпрацы і аб выкліку ў суд некаторых сьведкаў, у судовым паседжаньні дапамагала сьведкам з боку дзяржаўнага воргану знаходзіць слушныя адказы, пакідала сьведкаў у залі паседжаньняў пасьля допыту.

Судзьдзя хадайніцтва аб адводзе не задаволіла.

Аднапартыец Кірылава і заснавальнік незарэгістраванай Беларускай кансерватыўнай партыі “Белая Русь” Сяргей Рыжоў перакананы, што Аляксандра Кірылава перасьледуюць за апазыцыйныя палітычныя погляды. У сваім апошнім артыкуле ён назваў Кірылава “беларускім Гандзі”, пералічыўшы факты жорсткага ўціску беспрацоўнага палітыка з боку ўлады. У прыватнасьці нагадаў пра выпадак, калі Кірылава выклікалі ў аблвыканкам на псіхіятрычны кансіліюм (!). Сяргей Рыжоў лічыць, што жыцьцё ягонага паплечніка знаходзіцца пад пагрозай.