Прычына забароны, паводле райвыканкаму – адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыі мэдыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. "Між тым, ні мэдыкі, ні камунальнікі наогул не адказалі на нашу прапанову заключыць дамовы", - кажа адзін з заяўнікаў акцыі, удзельнік сёлетняй выбарчай кампаніі Зьміцер Лупач.
Ён распавёў, што заява ў райвыканкам была накіраваная ў той самы дзень, як і лісты да адказных службаў: "Выканкам пасьпяшаўся, адказаў нам праз 10 дзён. Сьледам за лістом пра забарону акцыі прыйшоў адказ з райадзьдзелу міліцыі. Зь яго вынікае, што міліцэйскае кіраўніцтва знарок чакала, пакуль нам адмовяць. Бо агульны сэнс ліста такі: маўляў, вам забаранілі ладзіць акцыю, значыць, і мы дамову лічым немэтазгоднай. Камунальная служба і паліклініка маўчаць дагэтуль, ня кажуць нам ані "так", ані "не". Калі б адказы прыйшлі своечасова і былі станоўчыя, то да 15 сакавіка мы б пасьпелі яшчэ раз зьвярнуцца ў выканкам наконт правядзеньня пікету да Дня Канстытуцыі".
Пікет да Дня Канстытуцыі мусіў быць доказам павагі з боку дзяржавы да асноўнага дзяржаўнага дакумэнту, дзе прапісаныя галоўныя правы грамадзян, лічаць заяўнікі акцыі, глыбоцкія актывісты Яраслаў Берніковіч і Зьміцер Лупач. Аднак на сеньняшні дзень з рэалізацыяй права на публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў і права на сходы ў Глыбокім відавочныя праблемы. Не дазволеныя ні пікет да Дня Канстытуцыі, ні папярэдняя акцыя - пікет салідарнасьці з палітвязьнямі, які не адбыўся ў Глыбокім 23 лістапада мінулага году.
Глыбоцкі выканкам грунтуе свае адмовы на адной і той самай падставе – спасылаецца на адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыяў, якія неабходна заключаць папярэдне ў адпаведнасьці з рашэньнем райвыканкаму №167 "Аб вызначэньні месцаў для правядзеньня мітынгаў і пікетаваньня". Але зрабіць гэта папярэдне, як высьвятляецца, немагчыма – бо адказныя службы знарок чакаюць, пакуль мясцовыя ўлады забароняць акцыі.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"