У Першамайскім райсудзе Віцебску адбыўся разгляд скаргі актывістаў, якія прасілі абавязаць раённыя ўлады даць дазвол на правядзеньне пікету супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых баз. Але прадстаўнікі Першамайскай раённай адміністрацыі наогул вырашылі не зьяўляцца на працэс, а суд пакінуў скаргу без задавальненьня. Скарга абласнога каардынатара руху “За свабоду” Хрыстафора Жаляпава і прадстаўніка аргкамітэту па стварэньні партыі “Народная Грамада” Аляксея Гаўруцікава тычылася забароны на пікет 8 верасьня.
“З раённай адміністрацыі даслалі паперу, што просяць суд разгледзець скаргу ў іхную адстутнасьць. І судзьдзя Вольга Іванова ня ўбачыла ніякіх прычынаў, каб абавязаць чыноўнікаў даць нам дазвол у наступны раз. Не прыйшлі на суд і прадстаўнікі Віцебскай абласной управы МУС. Мы прасілі, каб яны былі тут таксама, бо менавіта з гэтай структурай мы не змаглі заключыць дамову на абслугоўваньне акцыі, як патрабуе адпаведнае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму. У рашэньні №881 запісана, што дамовы з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі мусяць прыкладацца адразу да заяўкі. Хаця ў іншых гарадох пасьлядоўнасьць адваротная: спачатку атрымліваюць дазвол, а потым заключаюць дамовы. Так рэглямэнтавана і законам аб масавых мерапрыемствах. Але ў Віцебску ўсё наадварот. І абласная ўправа МУС парушыла гэты парадак: там дачакаліся, пакуль з раённай адміністрацыі нам дадуць адмову з-за адсутнасьці пацьвярджэньня на аказаньне імі паслугаў па ахове пікету, а потым даслалі свой адказ – маўляў, якая цяпер дамова, калі вам усе адно забаронена”.
На разбор скаргі ў Першамайскі райсуд зьявіліся толькі прадстаўнікі цэнтральнай гарадзкой паліклінікі. Зь імі актывісты таксама не змаглі заключыць дамову, працягвае Аляксей Гаўруцікаў: “Сёньня нам было заяўлена, што ў выходныя хуткая дапамога бывае празьмерна занятая. І калі мы сваю акцыю прымяркоўваем да выходных дзён, калі людзям зручней прыходзіць, то і на дамову аб супрацоўніцтве няма чаго разьлічваць. Судзьдзя адхіліла нашу просьбу абавязаць адказныя структуры заключыць з намі дамовы. І ня ўбачыла падставаў, каб вынесьці асобнае вызначэньне наконт таго, што рашэньне гарвыканкаму невыканальнае, бо парушаная рацыянальная пасьлядоўнасьць атрыманьня дазволу на масавыя акцыі. Такім чынам, рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 зноў не прызнанае невыканальным і вартым выпраўленьня, хаця насамрэч яно такое ёсьць, і нашы правы на публічнае выкаваньне сваіх меркаваньняў парушаюцца ўжо ня першы год”.
Цяперашняя спроба дабіцца праз суд магчымасьці правесьці акцыю ў Віцебску ўжо ня першая. Аляксей Гаўруцікаў, Хрыстафор Жаляпаў ды іншыя актывісты ўжо спрабавалі судзіцца з раённымі адміністрацыямі і адказнымі службамі. Аднак плёну гэта не прынесла. На калектыўны ліст жыхароў Віцебску, напісаны сёлета ўлетку, таксама не было станоўчага адказу. У гарвыканкаме цьвердзяць, што рашэньне аб арганізацыі і правядзеньні масавых акцыяў прайшло юрыдычную экспэртызу, што яно ўнесенае ў рэестар дзяржаўных актаў, а таму бездакорнае, і не патрабуе зьмяненьня.
Між тым, за 3 гады дзеяньня гэтага рашэньня апазыцыйным актывістам не ўдалося атрымаць ніводнага дазволу на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”