Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна адмовіла ў задавальненьні хадайніцтва распаўсюдніку газэты «Віцебскі Кур’ер» Міхаілу Жураўлёву аб растэрміноўцы выкананьня адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу ў памеры 2 500 000 рублёў.
Цяпер Міхаіл, які зьяўляецца інвалідам II групы, атрымлівае пэнсію менш за 1 800 000 рублёў і плаціць крэдыт, мусіць ня есьці, ня піць і ўлезьці ў даўгі, каб выканаць пастанову Караблінай аб накладаньні на яго адміністрацыйнага спагнаньня.
Міхаіл Жураўлёў судзьдзёй Караблінай быў падвергнуты штрафу за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур’ер» 22 кастрычніка 2012 году. Судзьдзя віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова і старшыня гэтага суду Мікалай Хамічонак ня ўгледзелі падстаў для адмены пастановы судзьдзі Караблінай.
У цяперашні час правамернасьць прыцягненьня М. Жураўлёва да адміністрацыйнай адказнасьці разглядаецца ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. У выпадку пакіданьня пастановы суду ў сіле, М. Жураўлёў мае намер прасіць Камітэт ААН па правох чалавека прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам ягонага права на выказваньне думкі - права, гарантаванага артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Наш дом