На ўліку ў першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) заводу ААТ «Полацак-Шкловалакно» знаходзяцца 369 сябраў Свабоднага прафсаюзу. Якія захады рабіла пяршоўка дзеля абароны сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў – пра гэта распавялі нам прафсаюзныя лідэры прадпрыемства.
Парушанае права на калектыўныя перамовы
У студзені дырэктар заводу і падкантрольны яму Белхімпрафсаюз ў парушэньне генэральнага пагадненьня адмовіліся ўключыць у склад камісіі па калектыўных перамовах прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу. Абскарджваньне гэтага парушэньня ў дзяржорганах не прывяло да аднаўленьня канстытуцыйнага права працоўных на калектыўныя перамовы. Як вынік, не ўдалося пазбавіцца ў калдамове прадпрыемства пунктаў, дыскрымінацыйных для рабочых.
Аднаўленьне на працы праз суд
У лютым у прафсаюз зьвярнуўся рабочы са скаргай на неправамернае звальненьне. Свабодны прафсаюз дапамог працаўніку аднавіцца на працы праз суд. Свабодны прафсаюз стаў заснавальнікам Полацкага праваабарончага таварыства па аказаньні юрыдычнай дапамогі грамадзянам.
Прафсаюзныя пікеты
У красавіку Свабодны прафсаюз арганізаваў правядзеньне некалькіх прафсаюзных пікетаў на прахадной заводу і ў горадзе з пратэстам супраць парушэньняў адміністрацыяй заводу «Шкловалакно» працоўнага заканадаўства і правоў працоўных. За правядзеньне прафсаюзнага пікету ў горадзе 28 красавіка актывістаў Свабоднага прафсаюзу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу, што зьяўляецца парушэньнем правоў працоўных на мірныя сходы і выказваньне свайго меркаваньня.
Звальненьне актывіста прафсаюзу
У траўні дырэктар ААТ звольніў актывіста Свабоднага прафсаюзу Мікалая Шараха, не працягнуўшы зь ім кантракт, што зьявілася парушэньнем права рабочага не падвяргацца дыскрымінацыі за ўдзел у прафсаюзе. Аднак залежны ад уладаў суд ня ўгледзеў гэтага парушэньня. Пасьля звальненьня прафсаюзнага актывіста ўзмацніўся ціск на працоўных за падтрымку і ўдзел у Свабодным прафсаюзе.
Распаўсюд улётак і газэт
Да чэрвеня старшыня Свабоднага прафсаюзу штомесяц наведваў цэхі прадпрыемства, сустракаўся з рабочымі, разьмяшчаў на інфармацыйных дошках улёткі СПБ. У красавіку і чэрвені былі выпушчаныя і распаўсюджаныя на прахадной заводу два нумары прафсаюзнага бюлетэня «Стекляшка».
Перашкоды ў наведваньні заводу
Зь ліпеня адміністрацыя заводу не прапускае на тэрыторыю заводу, у цэхі, дзе працуюць сябры СПБ, старшыню пяршоўкі Віктара Стукава. Гэта зьявілася прамым парушэньнем рашэньня суду, якое канкрэтна забараняла чыніць перашкоды наведваньню заводу. Пасьля аддзел прымусовага выкананьня судовых рашэньняў склаў пратакол пра парушэньні з боку адміністрацыі, аднак полацкі суд у кастрычніку адмовіўся прыцягнуць завод да адказнасьці за гэтае парушэньне.
Парушэньне правоў – дзяржорганы бязьдзейнічаюць
На працоўных заводу, якія плацілі прафсаюзныя ўнёскі праз бухгальтэрыю, начальнікі аказвалі псыхалягічны ціск, прымушаючы спыніць пералік унёскаў пад пагрозай звальненьня. Паколькі скаргі ў пракуратуру і інспэкцыю працы ня мелі эфэкту, Свабодны прафсаюз перайшоў на збор прафсаюзных унёскаў праз банкі і гатоўкай па ведамасьці. Са жніўня ніводзін працаўнік не пералічвае ўнёскаў праз бухгальтэрыю.
Дзяржава парушае правы рабочых
На працягу восені было некалькі скаргаў прафсаюзу ў розныя дзяржорганы (пракуратуру, інспэкцыю працы, камітэт дзяржкантролю, суд), але ніводзін зь дзяржаўных органаў не прыцягнуў адміністрацыю заводу да адказнасьці. У сувязі з тым, што сябры прафсаюзу, якія працуюць на заводзе, больш не выкарыстоўваць бухгальтэрыю для пералічэньня ўнёскаў, цяпер начальнікі ня ведаюць, хто з працаўнікоў знаходзіцца ў Свабодным прафсаюзе, – гэта абараніла рабочых ад перасьледу з боку начальнікаў за ўдзел у СПБ.
Нявыплата ўнёскаў па ўважлівых прычынах
Паводле статыстычнай справаздачы пяршоўкі прафсаюзу, на 1 студзеня на прафсаюзным уліку першаснай арганізацыі рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» знаходзяцца 369 сябраў СПБ, якія напісалі заяву ў Свабодны прафсаюз як працаўнікі ААТ. Усе заявы захоўваюцца ў прафсаюзе. Адміністрацыя заводу моцна памылілася, мяркуючы, што спыненьне рабочымі пералічэньня ўнёскаў праз бухгальтэрыю эквівалентна іх выхаду з прафсаюзу. Статут СПБ дапускае нявыплату ўнёскаў па ўважлівых прычынах. А перасьлед рабочых за сяброўства ў Свабодным прафсаюзе – прычына вельмі ўважлівая. Паводле статуту СПБ для выхаду з прафсаюзу працоўны павінен напісаць адпаведную заяву.
Дэпутаты далі адпіску
Пад канец 2016 году, 27 сьнежня, актывісты СПБ сустрэліся з дэпутаткай парлямэнту Натальляй Гуйвік і перадалі ёй скаргу рабочых на дыскрымінацыю і бязьдзейнасьць дзяржорганаў па абароне парушаных правоў работнікаў. Але ж, як і ўсе дзяржаўныя чыноўнікі, дэпутаты адмовіліся як-небудзь дапамагаць працоўным. Намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Максім Місько паведаміў пяршоўцы Свабоднага прафсаюзу: «Прааналізаваўшы нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь, лічым, што патрабаваньні асноўных міжнародна-прававых стандартаў у сфэры працы ў дастатковай ступені ўлічаныя ў нацыянальнай прававой сыстэме. Падставаў для дадатковай рэглямэнтацыі на заканадаўчым узроўні фундамэнтальных пастановаў міжнароднага працоўнага права ня ўгледжваем».
Дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу працягваецца
У новым годзе пяршоўцы СПБ трэба будзе арганізаваць устойлівы збор унёскаў у новых умовах і прымяняць новыя мэтады абароны правоў і інтарэсаў працоўных ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Аляксандар Марозаў