Шаркоўшчына падпісала «Пагадненьне мэраў». Цырымонія адбылася ў межах міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай спрыяньню стабільнаму разьвіцьцю дзяржаў Усходняга партнэрства, якая адбылася ў кастрычніку ў Ерэване.
Удзельнічалі ў міжнародным форуме блізу 300 чалавек, якія прадстаўляюць вышэйшае кіраўніцтва ведамстваў і г.д., а таксама прадстаўнікі 14-ці гарадоў і раёнаў нашай краіны – як тыя, хто даўно падтрымлівае ініцыятыву «Пагадненьне мэраў», гэтак і тыя, хто далучыўся да яе нядаўна. Шаркоўшчыну ў беларускай дэлегацыі прадстаўляў старшыня райвыканкаму Мікалай Баговіч.
Сам праект зьяўляецца ініцыятывай ЭЗ, якая прадугледжвае добраахвотнае ўзяцьце на сябе мясцовымі органамі ўлады забавязаньняў па скарачэньні на 20% выкідаў парніковых газаў да 2020 году і на 40% – да 2030-га. Галоўная мэта – стабільна разьвіваць энэргетыку на мясцовым узроўні і рабіць захады, што зьмякчаюць наступствы і адаптуюць да зьменаў у клімаце.
Пагадненьне падпісанае ўжо больш як 7-ю тысячамі гарадоў і рэгіёнаў у розных дзяржавах. Падпісаньне дакумэнту дае права дадатковага доступу да распрацовак і тэхналёгіяў апошняга часу ў энэргазахаваньні; даецца магчымасьць выкарыстаньня дапамогі па кансультацыях, грантах і крэдытах міжнародных фінансавых арганізацыяў для фінансаваньня мерапрыемстваў па ўстойлівым энэргетычным разьвіцьці.
Сярод новых удзельнікаў «Пагадненьня мэраў», якія далучыліся да яго ў межах канфэрэнцыі ў Ерэване, армянскія Алавэрды, Гарыс і Капан; беларускія Ворша, Шаркоўшчынскі раён і Магілёў; украінскія Фастаў і Абухаў і іншыя гарады і раёны.
Лізавета Золатнава
Фота: Сяргей Райчонак, klich.by