У выніку трэцяга расьсьледаваньня па факце гібелі рабочага вінаватымі прызналі майстра ўчастку і галоўнага інжынэра будаўнічага ўпраўленьня. Да гэтага ў сьмерці абвінавачвалі самога работніка. Паводле рашэньня суду, прадпрыемства абавязанае выплаціць кампэнсацыю родным загінулага.
25-гадовы электрагазазваршчык БУ №116 ААТ «Будтрэст №8» Берасьця Максім Кавалеўскі працаваў на будоўлі аднаго з аб'ектаў заводу «Нафтан». Трагедыя адбылася на пачатку 2015 году. Работнік упаў з вышыні 10 мэтраў. Дактары хуткай дапамогі, якія прыехалі на выклік, канстатавалі сьмерць хлопца.
Па факце здарэньня супрацоўнікі Полацкага міжрайаддзелу Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы правялі расьсьледаваньне. Паводле яго вынікаў, загінулага работніка прызналі вінаватым ва ўласнай сьмерці, паколькі ён нібыта праігнараваў лякальныя нарматыўныя акты па ахове працы: малады электрагазазваршчык падчас працы на вышыні не надзеў ахоўны пояс і ахоўную каску, чым груба парушыў тэхналёгію правядзеньня работ.
Брат Максіма настаяў на паўторным расьсьледаваньні абставінаў трагедыі. Вынікі засталіся ранейшыя. Аднак асобую думку выказаў Анатоль Хоміч, галоўны тэхінспэктар працы Берасьцейскага абкаму прафсаюзу работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў. Абапіраючыся на яе, Дэпартамэнт дзяржінспэкцыі працы правёў чарговае расьсьледаваньне, па выніках якога было выяўлена, што Максім Кавалеўскі загінуў не па сваёй віне. Вінаватымі прызналі службовых асоб прадпрыемства.
Паводле калектыўнай дамовы, у такой сытуацыі сваякам загінулага належыць кампэнсацыя ў памеры 10 сярэднегадавых заробкаў. Аднак генэральны дырэктар будтрэсту, непасрэдны кіраўнік Максіма Кавалеўскага, адмовіў яго брату ў выплаце. Сваякам загінулага давялося зьвярнуцца ў суд. Паводле рашэньня суду, паседжаньне якога адбылося напрыканцы кастрычніка, сваякі загінулага атрымаюць належную ім кампэнсацыю. Аднак 50-гадовая маці Максіма дачакацца яе не пасьпела.
Кацярына Загорская