Кандыдатка ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Тацяна Севярынец удзень 26 жніўня правяла пікет у мікрараёне Білева. Падчас пікету яна спалучыла агітацыйныя задачы з элемэнтамі дзіцячага мастацкага пленэру пад назвай «У Білеве няма. А я мару...»: білеўскія дзеці малявалі свае мары. А ўвечары ў актавай залі школы №46 адбылася сустрэча з выбаршчыкамі.
Месца паміж крамай «Пінскдрэў» і адзінай на ўвесь мікрараён школай улетку ня надта люднае, але агітаваць прыходзіцца там, дзе прызначана ўладай.
Як былая настаўніца, спадарыня Тацяна хутка знайшла агульную мову з мясцовай дзятвой. Праз колькі часу мэталёвая агароджа, усталяваная будаўнікамі, была завешаная аркушамі паперы з візуалізаванымі дзіцячымі марамі пра паліклініку, аквапарк, бібліятэку, заапарк, дзіцячы садок, басэйн і іншыя гэтак неабходныя для цывілізаванага жыцьця сацыяльныя аб'екты.
Склалася ўражаньне, што самымі актыўнымі людзьмі, што думаюць пра будучыню Білева, зьяўляюцца менавіта дзеці, а ня іхныя бацькі Апошнія пасіўна бралі агітацыйныя ўлёткі і моўчкі адыходзілі ўбок. Дзіўна было назіраць за грамадзянамі, якія замест таго, каб скарыстацца з магчымасьці пагутарыць з кандыдатам у дэпутаты, прысьпешвалі крок і прабягалі міма.
Палітычная апатыя і амаль нулявая сацыяльная актыўнасьць грамадзтва насьцярожвае хіба што толькі кандыдатаў ад апазыцыі. Улада, на жаль, не разумее, што гэткае стаўленьне да палітыкі адмоўна адбіваецца на ўсіх сфэрах жыцьця, і найперш – на эканоміцы.
Сьведчаньнем татальнай абыякавасьці грамадзтва і яго няверы ў магчымасьць уплываць на падзеі сацыяльна-палітычнага жыцьця краіны стала і вечаровая сустрэча Тацяны Севярынец з жыхарамі Білева. У вялікай актавай залі школы № 46 апроч сяброў з каманды кандыдаткі ў дэпутаты прысутнічалі ўсяго пара выпадковых асобаў.
І калі жыхары найноўшага віцебскага мікрараёну сустрэчу, якая праходзіла за дзесяць крокаў ад месца іхнага жыхарства, праігнаравалі, то доўгатэрміновыя назіральнікі ад бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека Майкл Айкес і Кірстан Ёргансан праехаць некалькі сотняў кілямэтраў не паленаваліся.
У гэтай сытуацыі Тацяна Севярынец не разгубілася і адмяняць сустрэчу ня стала, а падзялілася сваімі ранейшымі здабыткамі і перадвыбарчымі плянамі з прысутнымі.
Пры канцы сустрэчы, адказваючы на зададзенае пытаньне, яна адзначыла: «Я ня з тых людзей, хто баіцца. Калі ўжо я пайшла па гэтай дарозе, то чаго мне баяцца? Тое, што я згубіла ў жыцьці, я ўжо згубіла. Тое, што я магу згубіць, вядома аднаму Богу. Але жаданьня дапамагаць людзям я не згублю ніколі». І гэтыя словы вартыя быць пачутымі грамадзянамі выбарчай акругі №18, бо яны сказаныя мужным чалавекам.
С. Горкі