У Аршанскім раёне дзьве акругі: Аршанская, якая аб'ядноўвае большую частку гораду, і Аршанская-Дняпроўская, якая аб'ядноўвае Аршанскі раён і частку гораду. Кандыдаты ў дэпутаты пачалі агітацыю. У горадзе зьявіліся першыя плякаты некаторых зь іх.
На рэклямным “грыбку” непадалёк ад гарадзкога цэнтру культуры налепленыя плякаты двух кандыдатаў – дзейнага дэпутата, былой старшыні Аршанскага гарсавету Людмілы Дабрынінай і старшыні партыі аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” Сяргея Калякіна.
Плякат Людмілы Дабрынінай большы па памерах за плякат у падтрымку Сяргея Калякіна, выкананы ў чырвона-зялёных колерах цяперашняга дзяржаўнага сьцягу і зьмяшчае зварот да выбарцаў, безь біяграфічных дадзеных Людмілы Анатольеўны. Плякат суправаджаецца лёзунгам “Делами — навстречу людям”.
Плякат Сяргея Калякіна не зьмяшчае зваротаў, але на ім ёсьць біяграфічныя зьвесткі Сяргея Іванавіча. Адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў для сваёй выбарчай праграмы абраў лёзунг “За справедливую Беларусь”.
orsha.eu