Другі па ліку “Бульбафэст” зладзілі шаркоўшчынскія і глыбоцкія грамадзкія актывісты ў вёсцы Германавічы Шаркоўшчынскага раёну. Ён праходзіў на тэрыторыі Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча. У гэтым годзе на яго завіталі ня толькі беларусы, але і госьці з Польшчы і Расеі.
Паводле галоўнага арганізатара сьвята, грамадзкай актывісткі з Шаркоўшчыны Ады Райчонак, сёлетні фэст атрымаўся больш цікавым за папярэдні. У гэтым годзе ў сцэнар былі ўключаныя гумарэскі і аўтэнтычная беларуская музыка.
– Пакуль жывая і на нагах, я буду праводзіць гэтае мерапрыемства. Тым больш кола маіх сяброў пашыраецца. І сябры мяне вельмі шчыра падтрымліваюць. Я дужа шчасьлівая, што яны ў мяне ёсьць.
На фэсьце для прысутных выступіў лідэр рок-гурту “Sumarok” з Полацку Ігар Палынскі, дудар з Глыбоччыны Віталь Воранаў, народны фальклёрны калектыў “Купалінка” з Каўшэлева Шаркоўшчынскага раёну і іншыя. Свае вершы прачыталі паэты літаратурна-музычнага аб’яднаньня “Сьвітанак”. Але ўсё ж галоўная ўвага была нададзеная разнастайным стравам з бульбы, якія прыгатавалі і прэзэнтавалі прысутным арганізатары і госьці сьвята.