Да 2030 году Браслаўскі раён павінен стаць першым кліматычна нэўтральным муніцыпалітэтам у Беларусі, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 6 чэрвеня кіраўнік праекту Дзьмітры Буронкін.
Паводле яго слоў, агульны бюджэт праекту «Браслаўскі раён – першы кліматычна нэўтральны муніцыпалітэт у Беларусі», які рэалізуецца Браслаўскім райвыканкамам і Цэнтрам экалягічных рашэньняў пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу, склаў 735 тыс. эўра. Зь іх Эўразьвязам выдзелена 584 тыс. эўра. Тэрмін рэалізацыі праекту – верасень 2018 году.
Першыя крокі да таго, каб зрабіць раён больш чыстым, былі зробленыя ў 2014 годзе, калі Браслаў падпісаў міжнародны Пакт мэраў, узяўшы на сябе амбіцыйныя мэты па зьніжэньні выкідаў на 20% да 2020 году, адзначыў Буронкін. Далейшая дзейнасьць у раёне будзе накіраваная на зьніжэньне яго залежнасьці ад гаручых выкапняў, пашырэньне выкарыстаньня энергаэфэктыўных тэхналёгіяў і разьвіцьцё аднаўляльнай энэргетыкі, скарачэньне выкідаў парніковых газаў, папулярызацыю зялёнага транспарту.
Адна з асноўных мэтаў праекту – зьнізіць энэргаспажываньне ў сфэры ЖКГ на 15-20% па кожным мерапрыемстве ў асобнасьці, што дасьць эканомію энэргаспажываньня ў агульным да 2%, паведаміў намесьнік старшыні Браслаўскага райвыканкаму Міхаіл Пліско.
«Ад агульнага энэргаспажываньня раёну, на якое выдаткоўваюцца вялікія грошы, гэта велізарная лічба, – растлумачыў ён. – Прыкладам, улічваючы, што за адзін ацяпляльны сэзон адна кацельня на аплату газу аддае 6-7 млрд рублёў, то паніжэньне гэтай сумы нават на 1% зь пераходам на больш таннае паліва вельмі эканоміць сродкі».
Таксама, дадаў Буронкін, каардынатары праекту хочуць актыўна прыцягваць да энэргазьберажэньня насельніцтва раёну. У цэлым, аб'яднаныя намаганьні дадуць як эканамічны, так і дэманстрацыйны эфэкт, і досьвед Браслаўскага раёну будзе прапаноўвацца для рэалізацыі ў іншых рэгіёнах краіны, сказаў ён.
На працягу 2016 году плянуецца ажыцьцявіць першыя два мерапрыемствы практычнага ўвасабленьня праекту: замена ў Браславе часткі трубы цэнтральнага ацяпленьня гораду (1 030 мэтраў) на больш энэргаэфэктыўную і замена 5% гарадзкога ліхтарнага асьвятленьня сьвятлодыёдамі.
Далей па праекце плянуецца ўстанавіць цеплаабменьнікі у шматпавярховых дамох, не падключаных да сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня, што дазволіць жыхарам зімой скараціць спажываньне электраэнэргіі на награваньне вады ў бойлерах. Будуць замененыя старыя катлы цэнтральнай кацельні, якія працуюць на торфе, на якія выкарыстоўваюць у якасьці паліва дранку або салому. Плянуецца ўсталяваць сонечныя калектары на дзіцячы сад, грамадзкія месцы – абсталяваць аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі, зьявіцца сетка арэнды ровараў, будзе распрацаваны экалягічны турыстычны маршрут з выкарыстаньнем электратранспарту, адкрыецца грамадзкі інфармацыйны цэнтар па энэргаэфэктыўнасьці. Для эканоміі электрычнай энэргіі на асьвятленьне грамадзкіх будынкаў і пад'ездаў жылых дамоў у іх усталююць датчыкі гуку і руху.
nn.by са спасылкай на belapan.by