Хатні гвалт – зьява ў наш час, на жаль, нярэдкая. І часьцяком зь ім сутыкаецца жаночая частка насельніцтва. Чаму мужчынская палова лічыць, што ім дазволеныя якія-небудзь вольнасьці ў дачыненьні да блізкіх людзей – адным ім, напэўна, і вядома, але плаціць за гэта давядзецца паводле закону. Менавіта так, паводле закону, заплаціць за свае дзеяньні грамадзянін П.
Мужчына, зьяўляючыся ўраджэнцам сталіцы, пражываў з жонкай у адной зь вёсак Варапаеўскага сельсавету. Сталай працы ён ня меў, жыцьцё сваё вёў лёгка і ва ўчынках дапускаў вольнасьці. Ад навакольных жа патрабаваў чагосьці бязьмежнага (на што, напэўна, сам быў ня здольны), і асабліва – ад жонкі.
Не падабаў ён, калі жонка рабіла яму заўвагі, на іх рэагаваў неадэкватна. Неяк пад поўнач, калі П. вярнуўся дадому на добрым падпітку, адна з такіх, дарэчы, ня мяккіх заўваг, і скончылася зьбіцьцём. Сужэнцы пасварыліся і П., каб паказаць, хто ў хаце гаспадар, пусьціў у ход кулакі.
Пасьля таго, як алькаголь выветрыўся, мужчына папрасіў у жонкі прабачэньня. Але нядоўга доўжылася раскаяньне: празь месяц ён зноў яе ўдарыў. А менш як празь месяц, таксама знаходзячыся ў алькагольным ап'яненьні, П. зусім азьвярэў. Падчас сваркі ён штурхнуў жонку ў грудзі, ад чаго тая, вядома, звалілася, але на гэтым ён не спыніўся. Прыціснуўшы жонку каленам, П. стаў зьбіваць яе кулакамі. Пасьля таго, як падобнае паўтарылася менш як празь месяц, жанчына пайшла ў міліцыю. Але потым пара памірылася, заявы ж жанчына забрала.
Аднак шчасьце было нядоўгім... Пад Новы год, вяртаючыся з гасьцей, мужчына зноў праявіў сябе, і ўжо з большай жорсткасьцю: біў па твары ня толькі рукамі, але і нагамі. Гэтым разам жанчына напісала заяву і аб прымірэньні ніякай гаворкі ўжо не вяла. Цікава, што крымінальная справа ў дачыненьні да П. ужо была распачатая, і ён пра гэта ведаў, тым ня менш сваіх паводзінаў не зьмяніў. У выніку яго арыштавалі.
У судзе абвінавачаны сваю віну прызнаў цалкам, пацьвердзіў, што зьдзекваўся з жонкі. Дарэчы, П. не аднойчы быў судзімы, але судзімасьці пагашаныя. Па месцы жыхарства яго характарызуюць як чалавека, які злоўжывае сьпіртным, а на глебе гэтага парушае грамадзкі парадак, а таксама як таго, хто нідзе не працуе.
Суд прызнаў П. вінаватым у тым, што ён сыстэматычна зьбіваў і пагражаў забіць сваю жонку. Згодна з арт. 186 і ч. 1 арт. 154 КК РБ, яго асудзілі да пазбаўленьня волі тэрмінам на 1,5 году з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі, дзе яго прымусова будуць лячыць ад алькагалізму.