Ігар Станкевіч, ураджэнец Воршы, дасьледуючы гісторыю свайго роду, знайшоў зьвесткі пра трох рэпрэсаваных сваякоў.
Тры імі – тры пакутныя лёсы.
Фларыян Данілаў… Працаваў на кіраўнічай пасадзе на Аршанскім піўзаводзе. Яго абвінавацілі ў шкодніцтве пасьля таго, як на заводзе аднойчы ўзарваўся кацёл. У 1937 годзе Фларыяна Данілава расстралялі.
Ганна Ігнатаўна Салтановіч-Жывалеўская… Жыла ў Воршы. Маючы здольнасьці да вакалу, давала канцэрты. У 1938 годзе яе арыштавалі. Палячка па нацыянальнасьці, Ганна Ігнатаўна была абвінавачаная ва ўдзеле ў польскай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Па ўспамінах сьведкаў, жанчына не магла нават вымавіць слова «контррэвалюцыя». Аднак пасьля невыносных умоваў цеснай турэмнай камэры (мэтар на мэтар), у якой пастаянна капала зьверху вада, а пад нагамі бегалі пацукі, – яна прызнала сваю віну ў тым, чаго не рабіла, і падпісала паказаньні супраць сябе. Ганну Ігнатаўну асудзілі на 5 гадоў і саслалі ў Казахстан. Але дакумэнты на вызваленьне жанчыны былі згубленыя. Пакуль займаліся іх пошукам, прамінула яшчэ два гады. Таму Ганна Ігнатаўна адбыла ў ссылцы сем год замест пяці. Пазьней была рэабілітаваная.
Франц Ігнатавіч Жывалеўскі… Усё, што засталося ў сямейным архіве аб гэтым чалавеку, – даведка, датаваная 1955 годам, пра спыненьне супраць яго крымінальнай справы, паколькі адсутнічае склад злачынства. Арыштаваны Франц Ігнатавіч быў у 1937 годзе.
Названыя імёны не былі знойдзеныя ні ў адным са сьпісаў рэпрэсаваных, вядомых на сёньняшні дзень. У Беларусі найбольшы сьпіс ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў складзены арганізацыяй «Мартыралёг Беларусі», ён налічвае некалькі дзясяткаў тысяч імён. Але і гэты сьпіс яшчэ няпоўны.
Фота зь сямейнага архіву (канец 1920-х – пачатак 1930-х гг.): http://kamienski-rola.livejournal.com/14818.html