30-гадовы Хведар Баркалаў прыехаў у Беларусь пасьля пачатку вайны на Данбасе. Цяпер разам зь сям’ёй ён пражывае ў вёсцы Віраўля, што ў Гарадоцкім раёне. Вымушаны перасяленец з Украіны ласкава адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.
Хведар, падзяліся, калі ласка, сваім бачаньнем сытуацыі ва Ўкраіне пасьля Майдана.
Я, напрыклад, не за Ўкраіну. Памянялі ўладу па бязьмежжы – і пачалося. Мне новая ўлада не падабаецца, я яе не падтрымліваю, я – за ДНР!
Калі нагналі тэхнікі, пачалі абстрэльваць суседнія сёлы. Гэта наш пасёлак Сартану [Сартана – пасёлак гарадзкога тыпу ў 17 кілямэтрах на паўночны ўсход ад Марыюпаля – рэд.] тады не кранулі, а наогул абстрэлы, залпы, выбухі былі страшныя. Усё гэта я бачыў.
Маці нядаўна праз скайп распавядала, што сяло Талакоўку, якое за два кілямэтры ад нас, дээнэраўцы залпам накрылі. Гэта, відаць, яны ўжо ў адказ абстрэльвалі. Звычайна амаль кожны дзень шумяць. Бывае на тыдзень пару дзён цішыні, а потым зноў пачынаюць.
Хтосьці на гэтай вайне кішэні грашыма набівае, а хтосьці гіне. Колькі яны на гэтай вайне грошай адмылі! Мільярды! Неяк у пасёлку людзі бабулю хавалі. І толькі выйшлі яны за межы могілак – адзін са снарадаў трапіў у групу людзей: сем чалавек насьмерць. Сярод іх – і мая стрыечная сястра.
Мусіць, пагроза сьмерці і стала прычынай ад'езду вашай сям'і з пасёлку?
Але, яно так і ёсьць. Пры абстрэлах снарады пачалі класьціся побач з нашым пасёлкам. Загінуць можна было папросту. Рэч у тым, што мы жылі амаль на лініі разьмежаваньня, і ў нашай мясцовасьці разьмяшчалася вялікая колькасьць вайсковай тэхнікі і асабістага складу ўзброеных сіл Украіны, якія абаранялі Марыюпаль. Горад з насельніцтвам у паўмільёна чалавек мае важнае стратэгічнае значэньне для Ўкраіны: толькі мэталюргічных заводаў там цэлых тры.
Пасьля частых абстрэлаў мая маці пачала ўгаворваць нас пераехаць у Беларусь. Мы з жонкай спачатку вагаліся, не наважваліся на такі крок. У рэшце рэшт, рашэньне было прынятае на карысьць пераезду.
Значыць, ты з жонкай і дачкой зьехаў, а маці засталася дома?
Так. Жылі мы разам з маці, але яна не адважылася пакінуць у такі складаны час дом без нагляду. Яна ж родам з гэтых мясьцін. Бацькі мамы зьехалі адсюль у Марыюпаль, калі ёй было тры гады. У мяне ў Гарадку жывуць сваякі па дзядулевай і бабулінай лініі. Паў-Гарадка сваякоў.
Бо для пераезду патрэбна не толькі рашучасьць, але і нейкая інфармацыя і некаторыя сродкі на першы час.
Жылі мы нармалёва, не жылі ва ўбогасьці. Перад ад'ездам я працаваў зваршчыкам-мантажнікам. Яшчэ да пераезду мы зьвязаліся праз скайп з нашымі сваякамі з Гарадка. Загадзя празандавалі наконт працы. Мы яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня – а працу тут нам ужо знайшлі.
Прыехалі мы ў Віцебск 19 лістапада 2014 году, а 4 сьнежня я ўжо выйшаў на працу. Дарма марнаваць час мэты не было, бо ехалі мы сюды не адпачываць, а жыць і працаваць. Працую ў філіяле «Віраўлянскі» замежнага прадпрыемства «Дзецкасельскі-Гарадок» жывёлаводам. Зарплата мяне задавальняе. Жонка атрымлівае дапамогу на дзіця, якое нарадзілася ўжо тут. Цяпер не працуе, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
Як табе здалося: ці ёсьць нейкія адрозьненьні ў жыцьцёвых укладах украінцаў і беларусаў?
Усё, у прынцыпе, як і ў нас, толькі тут яшчэ жыве дух СССР. Яно як бы і непрыкметна, але мне так здаецца. Кошты тут, вядома, вышэйшыя, чымся ў нас. Кусаюцца. Хоць і ва Ўкраіне цэны цяпер падскочылі. А наконт працы я скажу так: хто хоча працаваць, працу знойдзе ўсюды і заўсёды.
Па прыезьдзе ў Гарадок вы зьвярнуліся ў адпаведныя органы для атрыманьня статусу ўцекачоў, або аформілі сваё знаходжаньне ў краіне як-небудзь інакш?
Па прыезьдзе мы зарэгістраваліся ў міграцыйным аддзеле Гарадка. Цяпер, найхутчэй, будзем працягваць рэгістрацыю яшчэ на год, хоць схіляемся да таго, каб аформіць пасьведчаньне на жыхарства. Калі аформлю пасьведчаньне на жыхарства – памяняю ўкраінскія правы на трактар на беларускія, і хачу атрымаць правы на машыну. У якасьці ўцекачоў мы не знаходзіліся ніводнага дня, таму ніякай матэрыяльнай дапамогі не атрымлівалі. Пра дапамогу мы нават і ня думалі.
Наколькі задаволіла вашу сям'ю дадзенае жытло?
Да нашага прыезду ў хаце ўжо ніхто ня жыў. Зрабілі невялічкі касмэтычны рамонт: шпалеры паклеілі, нешта падмалявалі. Хата будавалася нядаўна, цалкам нас задавальняе. Усе выгоды: тэлефон, інтэрнэт, ванная, прыбіральня, паравое ацяпленьне. Ацяпляемся дровамі. Галоўнае, што ўзімку цёпла.
Скажы, што-небудзь з хатняй абставы вы вывезьлі з Украіны ці абжываліся ўжо тут?
З Радзімы мы прыехалі з трыма торбамі, ста далярамі і 15 тысячамі расейскіх рублёў. Абжываліся ўжо тут, на месцы. Як той казаў, усё, што вы бачыце, нажыта непасільнай працай.
А гаспадарку, сад, вінаграднік ня хочаце завесьці? Дарэчы, вінаград расьце і ў нашых шыротах.
Што тычыцца гаспадаркі – хутчэй не, чым так. А вось ва Ўкраіне я вырошчваў ружы, быў у мяне і вінаграднік. Калі б вы яго толькі бачылі: гронкі велізарныя; вінаградзіны, як сьлівы; колеру – ад амаль белага да чорнага. Тут, у Беларусі, нашмат халадней. У Марыюпалі ў нас ужо вясна. І лета тутэйшае на ўкраінскае не падобнае. Цяпла замала. І лета – як бы ня лета.
Як паставіліся да вас мясцовыя жыхары? Як прайшоў працэс адаптацыі ў цябе, у жонкі, у дачкі?
Мясцовыя паставіліся нармалёва: бо людзі – паўсюль людзі. У вёсцы некалькі маладых сем'яў. Зь некаторымі мы ўжо пасябравалі.
Жонка адаптавалася выдатна: яна адсюль ужо і зьяжджаць ня хоча. Дачка таксама, ходзіць у школу. Праўда, ва Ўкраіне ў яе ў клясе было трыццаць чалавек, а тут на ўсю школу гэтулькі ня будзе.
С. Горкі