Чытач сайту charter97.org даслаў у рэдакцыю дакумэнт, якім віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты» абавязаў Полацкі малочны камбінат выплачваць ня менш за 30% заробку работнікам сваёй прадукцыяй.
«Выплачваць заробак у 2016 годзе натуральнай аплатай (зьмяшаная форма аплаты) у суме ня менш за 30% ад налічанага фонду заробку», – сказана ў дакумэнце.
Асаблівага выбару ў полацкіх работнікаў мясцовай «малочкі» ня будзе – дакумэнт носіць загадны характар, і пераход на натуральную форму аплаты працы прапішуць у кантрактах з работнікамі.
Намесьнік дырэктара ААТ «Полацкі малочны камбінат» Віктар Генец пацьвердзіў у камэнтары, што неўзабаве работнікам прымусова давядзецца пакідаць траціну заробку ў фірмовай краме заводу. Праўда, сам ён нічога дрэннага ў гэтай навіне ня бачыць і нават рады, што «не давядзецца хадзіць у іншыя крамы».
«Не разумею, што ў гэтым дрэннага? Захацеў нешта купіць – пайшоў у нашу краму затаварыўся. Ня трэба будзе ў іншыя крамы езьдзіць, шукаць нешта. Усё сваё, усё выдатнай якасьці. Пра якую дыскрымінацыю можа быць гаворка?» – зьдзіўляецца намесьнік дырэктара.
Дакумент прапісвае яшчэ адно новаўвядзеньне не на карысьць работнікаў. Заробак ім цяпер будуць выдаваць у апошні дзень месяца, што ідзе за разьліковым месяцам. Так, напрыклад, заробак за люты работнікі ўбачаць толькі ў самым канцы сакавіка.
charter97.org