На ўсіх выбарчых участках 23 верасьня ў Віцебску амаль аднолькава пахла беляшамі і піражкамі з капустай. Але людзі насы не адварочвалі, бо сярод іх бадай што не было маладых выбарцаў…
Людзей да трыццаці было вобмаль. Але й віцябляне старэйшага ўзросту асаблівай радасьці ды аптымізму на падыходзе да ўчасткаў не праяўлялі. Агульны настрой вельмі дасьціпна выявіў пэнсіянэр з кійком, які, усьміхнуўшыся аўтару гэтых радкоў, заўважыў: “Як на пахаваньне ідуць сюды, і музыка такая ж… З адной толькі розьніцай: на хаўтурах не галасуюць, а галосяць”.
Харашо ўсё..
Дарэчы, музычнае суправаджэньне працэсу галасаваньня на выбарчых участках было вельмі разнастайнае. Часьцей, гэта была нейкая шэранькая мэлёдыя бяз слоў канца 1980-х, на якую забываешся адразу на выхадзе. Ні галаве, ні сэрцу.
З адной толькі розьніцай: на хаўтурах не галасуюць, а галосяць...
Але трапляліся і музычныя пэрлы. Гэтак, у СШ №25, дзе разьмяшчаліся выбарчыя ўчасткі №№ 12, 13, 14, галасаваньне праходзіла пад колішні хіт ВІА “Голубые гитары”: «Как же это все, ну как же это все мы не сберегли с тобой…». Магчыма, арганізатары праз такую музычную афарбоўку падштурхоўвалі выбарцаў паставіць птушачку ў такім месцы бюлетэня, каб “это всё” зьберагалася як мага даўжэй.
І выбарцы добра разумелі намёкі. 70-гадовая бабуля, якая, так здалося, была ці не самай жывой на выхадзе з участку, падзялілася з “Дыялёгам”: “Харашо ўсё, слава Богу. Усё ёсьць – жыць можна. Якіх новых законаў ад парлямэнту чакаю? А мне ўжо адзін закон – ісьці на вечны спачын…”
Байкот буфетам
Зьдзівілі таксама пустыя буфеты і школьныя сталоўкі. Хаця менавіта там можна было знайсьці хай і ня вечнае, але супакаеньне. Балазе, увесь набор беларускага джэнтэльмэна быў у наяўнасьці: “Чорны рыцар”, “Крэпкі арэшак”, “За ўдачу” і шампанскае для палкіх паненак. Бачылі б гэта школьнікі! Але столікі пуставалі… Выбарцы, быццам, абвесьцілі байкот буфетам.
Дастаткова доўгая чарга была заўважана толькі ў СШ №45, дзе працавалі адразу чатыры выбарчыя участкі. Але склалася ўражаньне, што электарат станавіўся ў тую чаргу аўтаматам – проста каб адчуць плячо альбо іншую частку цела суседа па ўчастку. Бо что там было купляць, акрамя беляшоў ды смажанак?..
За ўсім гэтым стомлена назіралі нікому не патрэбныя мэдыкі ў белых халатах, якія на гэтым участку бескарысна праседзелі ўвесь тыдзень. Праблемаў зь ціскам і галавакружэньнем электарат не адчуваў.
Дождж і боршч
Мабыць, ведаючы, што асноўнай выбарчай сілай Беларусі ёсьць пяшчотная палова насельніцтва, на выбарчым участку №52, які разьмяшчаўся ў школе мастацтваў “Маладзік”, на ўваходзе ў буфет прадавалі ўсялякія далікатныя прыналежнасьці жаночага гардэробу. Такім чынам, прагаласаваўшы і набыўшы бюстгальтар айчыннай вытворчасьці, беларускія выбаршчыцы, на думку арганізатараў, павінны былі адчуць сябе абсалютна шчасьлівымі. Асабліва пасьля шампанскага…
Але аддамо належнае нашым жанчынам: у буфеце таксама было ні душы.
І апошняе: пра надвор’е. Вядома, што беларускае надвор’е – вельмі важны чыньнік любой электаральнай кампаніі. Нездарма ж некаторыя грамадзяне лічаць кіраўніка дзяржавы вышэйшым за бога і гідрамэтцэнтар. Але, мусіць, сёньня разьвеяць цьвёрдай рукой хмары, якія навіслі над Сінявокай, не ўдалося. Ранішняе сонейка раптам зьнікла за шэрай смугой. Потым выглядвала і зноў зьнікала.
Быццам там, у нябёсным парлямэнце ішлі бязьлітасныя дэбаты паплечнікаў байкоту і элегантнай перамогі. Ужо да абеду перамаглі “байкотнікі”, і Віцебшчыну накрыла хмарай. Восеньскі халодны дождж імжэў аж да канца галасаваньня.
Некаторыя выбарцы выходзілі з пад’езду, глядзелі ў неба і, плюнуўшы ў калюжыну, ішлі дамоў варыць боршч.
Між тым, у выбарчых камісіях, не зьвяртаючы ўвагі на нябёсныя знакі, намёкі і непагоду за вакном, ужо падлічвалі галасы…