Частку заробку людзям выдаюць прадукцыяй прадпрыемства – камплектамі пасьцельнай бялізны і ручнікамі. Разгрузка складоў за кошт працаўнікоў апошнім зусім не даспадобы. Яны спрабуюць шукаць пакупнікоў, каб за прасьціны і ручнікі атрымаць сапраўдныя грошы.
Паколькі на кірмаш з такім таварам ня пойдзеш без прадпрымальніцкай ліцэнзіі, некаторыя складаюць саматужныя «прайс-лісты» і распаўсюджваюць іх сярод знаёмых. Кошты ў «прайс-лістах» нашмат ніжэйшыя за крамныя. Так, камплект пасьцельнай бялізны, які каштуе ў фірмовай краме льнокамбінату больш за 400 тысяч, работнікі прадпрыемства гатовыя аддаць за 300 тысяч. Для патэнцыйных пакупнікоў старанна апісваецца, што за тавар выстаўлены на продаж: колер, мадэль і нават месяц і год вырабу.
Праўда, пакупнікоў знаходзіцца няшмат, скардзяцца вымушаныя камэрсанты. У фірмовай краме аршанскага льнокамбінату іх таксама небагата, хаця выбар вялікі – тут табе і пасьцельная бялізна, і сталовыя камплекты, і проста тканіны рознага гатунку і прызначэньня. Прычына найперш у тым, што ў Воршы многія прадпрыемствы або не працуюць, або плацяць работнікам вельмі нізкія заробкі.
Прыкладам, зь пераліку вакансіяў на тым самым ільнокамбінаце вынікае, што тут гатовыя плаціць за працу ў сярэднім ад трох да пяці мільёнаў рублёў.
Пасьцельную бялізну ды іншую прадукцыю ўласнага вырабу работнікам прадпрыемства выдавалі і раней. Але раней гэта былі «прэміі» да нейкіх сьвятаў – у дадатак да заробку. Цяпер сытуацыя зьмянілася – грошай на заробкі часта проста бракуе, бо прадукцыя аршанскага льнокамбінату не карыстаецца вялікім попытам.
Радыё Свабода