11 верасьня прайшла сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава.
У сустрэчы, якая ладзілася ў актавай залі віцебскай СШ №45, бралі ўдзел ягоныя давераныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Алена Фаміна і Сяргей Парсюкевіч. Ролю вядоўцы выконваў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты Хрыстафор Жаляпаў.
Народу прыйшло няшмат. У залі сабралася каля 30 чалавек. Але была нават маладая сям’я зь дзеткамі. Са спазьненьнем у залю прасачыўся прадстаўнік адміністрацыі СШ №45. Адзначым, што выбарцы большую частку сустрэчы правялі ў панурым маўчаньні. Дыскусія завязалася толькі пад канец размовы, якая доўжылася без малога дзьве з паловай гадзіны.
Памяшканьне, дзе выступаў кандыдат, было вытрымана у халодных блакітных танах. Кандыдат і ягоныя паплечнікі выступалі на фоне чырвона-зялёнага сьцяга і партрэта Лукашэнкі, што надавала мерапрыемству яшчэ больш халоднасьці і панурасьці…
“Іранічныя” выбары
Хрыстафор Жаляпаў сваё ўступнае слова прысьвяціў таму, што “выбарчая кампанія праходзіць у складанай і дзіўнай абстаноўцы” і што “сьпіс прозьвішчаў будучых дэпутатаў ужо можна знайсьці на некаторых сайтах у інтэрнэце”. Назваў сёлятнія выбары “іранічнымі па сутнасьці”. “Менавіта з гэтай прычыны заля сёньня такая нешматлюдная”, – падсумаваў вядоўца.
Кандыдат Аляксей Гаўруцікаў пачаў з таго, што вярнуўся да мінулых дэбатаў па тэлебачаньні, у якіх браў удзел. Там ягоны візаві – настаўнік матэматыкі Міхаіл Волкаў, папрасіў Гаўруцікава назваць тры пункты, якія б даказалі Волкаву, што дзейнасьць кандыдата ад апазыцыі будзе ў парлямэнце стваральная, а не разбуральная. У прамым этэры Гаўруцікаў адказаць не пасьпеў і запрасіў канкурэнта на гэтую сустрэчу. Волкаў не прыйшоў, таму Гаўруцікаў адказваў яму завочна:
“Калі сьцісла, то вось гэтыя тры пазыцыі. Першае: для пачатку дыялёгу ўлада павінна выпусьціць усіх палітзьняволеных і рэабілітаваць іх. У тым ліку – майго партыйнага лідара і давераную асобу – Мікалая Статкевіча. Я пайшоў на гэтыя выбары, загадзя ведаючы, што на іх не лічаць галасы, пайшоў па закліку свайго лідара, каб данесьці да вабарца, што ў краіне патрэбны перамены. Кіраўніка дзяржавы – я яго называю былым прэзідэнтам – патрэбна мяняць. Таму другое: абмеркаваць з кіраўніком дзяржавы ўмовы ягонай адстаўкі. Максымум, што мы можам яму гарантаваць – гэта справядлівы суд. І трэці момант, які трэба неадкладна разгледзець у парлямэнце – канстытуцыйная рэформа. Нам неабходна вяртацца да Канстытуцыі 1994 года. Вярнуць парлямэнту ягоныя паўнамоцтвы. Перайсьці да іншай мадэлі кіраваньня: моцны парлямэнт – слабы прэзідэнт”.
Аляксей Гаўруцікаў
“Нягледзячы на жаласную сытуацыю з правамі чалавека ў нас у краіне, я выступаю ўсё-такі за рух наперад, за перамены. Сваёй працай у гарсавеце з 1990 па 1997 гады, праблемы выбарцаў я вырашаў пасьпяхова. У парлямэнце іншы ўзровень. Але лічу, што маі веды і досьвед будут там вельмі карысныя… У нас ёсьць права публічнага выступленьня раз у пяць гадоў, таму я зараз і перад вамі” – падкрэсьліў Гаўруцікаў і перадаў мікрафон Мілінкевічу.
Краіна цяжарная рэформамі
Аляксандар Мілінкевіч казаў як па пісанаму – пра хваробу грамадзтва, бязьвер’е народу, непадкантрольнасьць улады і любоў да радзімы:
“Калі мы выбіраем у парлямэнт, мы павінны выбраць ня толькі добрых настаўнікаў і дактароў, а менавіта людзей якія здольныя займацца законатворчасьцю… Мы ня проста адзіночкі, якія рвуцца да ўлады каб паруліць, – мы каманда… І ў яе ёсьць свая прагарама – Народная праграма. Ключавое слова – “перамены”. Прапаганда кажа пра стабільнасьць. Але бывае розная стабільнасьць. Для мяне галоўнае, каб у краіне было стабільнае разьвіцьцё. А стабільнасьць могілак і дрыгвы – вось гэта нам не патрэбна…”
Аляксандар Мілінкевіч
“Хачу сказаць пра нашу агульную адказнасьць за краіну. Мы ўсе яе любім, кожны па-рознаму. І, вы ведаеце, калі я пайшоў на выбары і пастаяў у пікетах, я быў у шоку ад краіны, мне здалося, што я ня гэтую краіну адчуваю. Краіна ў глыбокай дэпрэсіі! Краіна больш нікому ня верыць. Людзі казалі: уладзе ня верым, вам ня верым, у сябе таксама ня верым – хай нашы дзеце лепей зьязджаюць. І хто будзе рабіць гэтыя перамены і рэформы, калі грамадзтва абязьверанае?.. Трэба сабрацца адной сямьёй і паразмаўляць. Я ня ведаю, ці разумее гэта ўлада…” – паціскаў плячыма Мілінкевіч.
“Калі мы не заразумеем, што краіна цяжарная рэформамі, дык будзе вельмі дрэнна. І найвялікшы ўнёсак павінен зрабіць парлямэнт. Але той, які выберуць сёлета, – гэта будзе стэрылізвавны, імпатэнтны парлямэнт. І мы адкладзем рашэньне хваробы… Куды мы пойдзем – на ўсход ці на захад, пытаюцца. Ды нікуды ісьці ня трэба: краіна наша тут, і мы гаспадары. Калі ўвядуць расейскі рубель – ці будзе наша краіна незалежнай? Не. Дык вось, калі і на гэты раз будзе выбраны парлямэнт без дыскусій і дэбатаў, усё заваліцца, мы зойдзем у тупік… Аж голас дрыжыць, бо разумееш, што сытуацыя вельмі сур’ёзная. Улада павінна быць падкантрольнай народу. І бяз выбараў гэтага не дасягнуць. Выбары – аснова асноў, калі мы хочам будаваць свабодную краіну. А мы хочам у ёй жыць!” – запэўніў экс-кандыдат у прэзідэнты (2006).
Раздача цукерак
Самае працяглы выступ зрабіў актывіст “Гавары праўду” Сяргей Парсюкевіч. Распавёў, чаму яго не зарэгістравалі кандыдатам і яшчэ шырэй акрэсьліў тэму лукашэнкаўскай стабільнасьці як стабільнай дэградацыі.
Сяргей Парсюкевіч
Пра выбары сказаў наступнае: “Практычна ў краіне ўжо шмат гадоў выбараў няма. І наўрад ці яны будуць у бліжэйшай будучыні. Многія кажуць, што выбары ў Беларусі праходзяць толькі дзеля легітымізацыі ўлады. А я лічу, што ўладзе гэта ужо і не патрэбна. Парлямэнцкія выбары зрабіліся раздачай цукерак для былых чыноўнікаў перадпэнсійнага ўзросту, каб тыя дружна націскалі на патрэбныя пімпачкі за велічэзныя заробкі. Тады навошта яны патрэбныя – тыя выбары? Справа ў тым, што магчымасьці сустрэцца з выбарцамі акрамя як у межах электаральнай кампаніі ў нас няма…”
Скончыў ён заклікам: “Давайце ж разам будаваць сваю Радзіму!”
Працягваю верыць Лукашэнку…
Менавіта пасьля выступу Парсюкевіча ўзьнікла нейкая дыскусія. Спачатку жанчына ў яркай вопратцы запыталася: “А хто іменна можа замяніць Аляксандра Лукашэнку – назавіце прозьвішча!”
“Калі ласка – вось Аляксандар Мілінкевіч, на дзьве галавы вышэйшы!” – адрэагаваў Гаўруцікаў. “Паслухайце, ну не сьмяшыце мяне… Якім павінен быць прэзідэнт? Гэта такі чалавек, які ўстане і скажа, што двойчы два будзе пяць – і ўсе яму павераць. Як Лукашэнку”.
Колькі спадар Жаляпаў ні прыводзіў аргумэнтаў заганнасьці дзейснага кіраўніка, жанчына засталася пры сваім: “Працягваю верыць Лукашэнку”.
Хрыстафор Жаляпаў
Далей мужчына, які прадставіўся былым канструктарам завода “Віцязь”, цікавіўся, чым Гаўруцікаў лепшы за іншых кандыдатаў у акрузе, прынамсі лепшы за матэматыка Міхаіла Волкава. “Вам далі трыбуну, каб данесьці да нас нешта такое запаветнае, але я нічога, акрамя крытыкі ўладаў, не пачуў”, - скардзіўся выбарца.
Жаляпаву прышлося нагадаць былому канструктару, што той амаль на гадзіну спазьніўся на сустрэчу. Маўляў, усё запаветнае было сказана. “Але мы можам паўтарыць” І Гаўруцікаў зноў казаў пра неабходнасьць перамен.
Яшчэ адзін мужчына, які прыйшоў таксама са спазьненьнем, папрасіў Мілінкевіча, які для яго зьяўляецца безумоўным аўтарытэтам, ахарактарызаваць кандыдата Гаўруцікава. “Праблема не ў асобах, – адказаў Мілінкевіч. – нас нішчыць аднадумнасьць…” І зноў казаў пра бескантрольнасьць улады.
Было пытаньне пра далейшае разьвіцьцё РБ. Гаўруцікаў спрагназаваў цяжкі крызыс і прарочыў, што дыктатар сыдзе цягам года ці двух.
Кропку ў сустрэчы паставіў прадстаўнік школьнай адміністрацыі з задніх шэраўгаў залі, які таксама прарочым тонам дапусьціў магчымасьць таго, што неўзабаве ў актавай залі можа згаснуць сьвятло.
Засталося ўражаньне, што выбарцы разыходзіліся зь ня вельмі вялікай ахвотай.
Інтэрвію “Дыялёга” з Аляксандрам Мілінкевічам апублікуем у хуткім часе, сачыце за стужкай навін.