Бацькам будучых першаклясьнікаў з новых мікрараёнаў Наваполацку прыйшлося літаральна начаваць каля брамы школ №14 і №12. Прыём дакумэнтаў у школу пачаўся 2 чэрвеня, але для таго, каб уладкаваць сваіх улюбёных дзяцей у навучальную ўстанову побач з домам, бацькам прыйшлося прастаяць у жывой чарзе двое сутак.
«Запіс пачалася яшчэ 31 траўня, дзяжурылі чалавек 30, - распавяла маці будучай вучаніцы СШ №14. - 1 чэрвеня муж пайшоў на пераклічку к 6-й раніцы, а 7-й гадзіне яго зьмяніла я і цэлы дзень сядзела ля школы. Кожныя 2-3 гадзіны пераклічка, калі прапускаеш яе 2 разы - цябе здымаюць з чаргі і аддаюць месца іншым. Увечары пасьля працы мяне зьмяніў муж і начаваў у намёце да сёньняшняй раніцы».
У ноч з 1 на 2 чэрвеня ля школы начавалі 125 чалавек (менавіта столькі першаклясьнікаў папоўняць шэрагі навучэнцаў СШ №14 сёлета). СШ №12, якая знаходзіцца па суседзтве, сёлета прыняла на навучаньне 100 малых.
Паводле слоў бацькоў, асноўная прычына, якая заахвоціла іх на двухдзённае чаканьне каля брамы школы, - яе блізкасьць да дому. Далёка ня ў кожнай сям'і ёсьць магчымасьць вазіць дзіця на заняткі праз паўгорада.
Не адны навапалачане сутыкнуліся з гэткай праблемай. Начное дзяжурства каля брамы СШ №16 чакала і бацькоў першаклясьнікаў полацкага мікрараёну «Аэрапорт».
ximik.info