Яўген Васьковіч, які адбывае тэрмін пакараньня ў магілёўскай калёніі, мае праблемы са здароўем. "Падтрымаць палітвязьня – гэта наш абавязак", - гаворыць інцыятарка збору сродкаў, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец.
Добраахвотныя ахвяраваньні рабілі ўсе ахвотныя падчас сустрэч прадстаўнікоў віцебскіх дэмакратычных сілаў. На думку Тацьцяны Севярынец, хлопцу, асуджанаму на такі вялікі тэрмін, неабходна і маральная, і матэрыяльная падтрымка:
"Мы ведаем, што да Яўгена даходзяць ня ўсе нашы лісты. І што, будучы асуджаным на 7 гадоў, у магілёўскай турме №4 ён адбыў 247 сутак у штрафным ізалятары. Гэта не магло не адбіцца на ягоным здароўі – былі ў яго праблемы са сьпінай, са страўнікам. Мы разумеем, што ягоным сваякам цяжкавата ў матэрыяльным пляне – усё, што зьбіраюць у пасылкі і перадачы, каштуе нямала грошай. Таму ўсе сабраныя ахвяраваньні мы перададзім сваякам. Тым больш, што на пачатак наступнага месяцу – з 5 па 6 лютага – заплянаванае спатканьне Яўгена з маці".
Журналіст, сябар ГА БАЖ Яўген Васьковіч, які зьяўляецца таксама актывістам аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя", быў узяты пад варту 17 студзеня 2011 году. 18 траўня 2011 году ён быў асуджаны за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку Бабруйскага КДБ - паводле часткі 2 артыкулу 339 КК (злоснае хуліганства) і часткі 3 артыкулу 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры) - да 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 12 кастрычніка 2011 году ўмовы адбыцьця пакараньня былі зьмененыя на больш жорсткія, Васьковіч быў пераведзены з калёніі №15 у Магілёве ў турму №4 Магілёва. 12 кастрычніка 2014 году яго зноў вярнулі ў калёнію №15 у Магілёве.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"