Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў накіраваў у суд Кастрычніцкага раёну Віцебску заяву аб прымусе лекараў да заключэньня дамовы аб мэдычным абслугоўваньні мітынгу.
Згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, заяўнікі вулічнага мерапрыемства, калі яго арганізатарам не зьяўляюцца дзяржворганы, павінны да заявы прыкладаць дамову, загадзя заключаную з установай аховы здароўя аб мэдычным абслугоўваньні падчас правядзеньня мерапрыемства.
“Дзяржаўная ўстанова аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” на мой ліст аб заключэньні дамовы адказала адмовай. Гэтую адмову лічу незаконнай і неабгрунтаванай. Для мірнага ўрэгуляваньня праблемы заключэньня дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства я зьвярнуўся з заявай у Віцебскі гарвыканкам, але пасьля зносін маіх прадстаўнікоў з кіраўніцтвам адказчыка зразумеў, што без звароту ў суд пытаньне ня вырашыш”, - піша ў заяве у суд Хрыстафор Жаляпаў.
Каардынатар Руху “За Свабоду” Віцебскай вобласьці мяркуе, што адмова ў заключэньні публічнай дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства грамадзян парушае канстытуцыйныя правы на свабоду масавых мерапрыемстваў.
Хрыстафор Жаляпаў просіць суд прыняць рашэньне аб прымусе адказчыка - дзяржаўнай установы аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” заключыць зь ім дамову на мэдычнае абслугоўваньне падчас меркаванага мітынгу ў віцебскім парку 30-годзьдзя ВЛКСМ 25 сакавіка 2013 году.
Рух “За свабоду”