Паўднёвакарэйскую пяцівалентную вакцыну “Эўпэнта”, вакол якой у жніўні разгарэўся скандал са сьмерцю дзіцяці, працягваюць выкарыстоўваць у беларускіх паліклініках. Абвестку пра гэта заўважылі ў віцебскай дзіцячай паліклініцы №2.
Але выявілася, што гэта не самавольства віцебскіх дактароў. Як патлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя: “Вакцына "Эўпэнта", акрамя адной сэрыі, не канфіскоўвалася з паліклінік. Вакцынацыя ёй не спынялася”.
Вакцынай прышчапляюць дзяцей і ў менскіх паліклініках. Напрыклад, у сталічнай паліклініцы №10 праводзяць бясплатную вакцынацыю “Эўпэнтай”. Што праўда, ёсьць выбар: калі нехта з бацькоў лічыць прэпарат небясьпечным, за 75 рублёў можна вакцынаваць дзіця бэльгійскай прышчэпкай “Інфанрыксгекса” або “Інфанрыкс”. Інфармацыю пра вакцынацыю “Эўпэнтай” пацьвердзілі і ў Бараўлянскай паліклініцы, якая знаходзіцца ў Менскім раёне.
13 жніўня ў Ганцавіцкай бальніцы пасьля плянавых прышчэпак памёр двухмесячны хлопчык. Яму ўвялі два прэпараты: “Эўпэнта” і “Імавакс Полія”. Пасьля ўколу хлопчыку стала кепска, мэдыкі не змаглі яго выратаваць.
Як потым стала вядома, хлопчык памёр ад анафіляктычнага шоку. Міністэрства аховы здароўя тады заявіла, што да правядзеньня ўсіх неабходных праверак перапыняе ўжываньне адной сэрыі “Эўпэнты”.
На брыфінгу 29 жніўня, неўзабаве пасьля інцыдэнту з гібельлю дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне, намесьнік дырэктара Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя Сяргей Марчанка сказаў: “Вакцына "Эўпэнта" праходзіць працэдуру рэгістрацыі, але яе можна выкарыстоўваць”.
У рэестры лекавых сродкаў Беларусі “Эўпэнта” да гэтага часу не зьявілася.
Аляксей Карпенка, euroradio.fm
Фота: http://www.businesskorea.co.kr