4 лістапада актывісты зь Віцебску ўсклалі жалобны вянок на магілу на вайсковым пахаваньні №4429. Яны ўпэўненыя, улады перапахавалі тут парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, і абураныя тым, наколькі ў нязручным для наведваньня месцы знаходзіцца месца апошняга спачыну забітых нявінных людзей.
Як паведамлялася раней, у кастрычніку зь ініцыятывы ўладаў Віцебскага раёну на згаданым вайсковым мэмарыяле былі пахаваныя парэшткі 172-х невядомых асобаў, паднятых год таму вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну падчас эксгумацыі ў лесе ля вёскі Хайсы.
На думку віцебскіх актывістаў-краязнаўцаў, гэтыя невядомыя – грамадзяне, рэпрэсаваныя у 30-я гады. Нягледзячы на бясспрэчныя, як мяркуюць актывісты, доказы, улады пайшлі на непрыхаваную фальсыфікацыю, абвясьціўшы забітых энкавэдыстамі людзей ахвярамі фашыстаў і пахаваўшы іх побач з салдатамі Чырвонай арміі, загінулымі ў 1944 годзе.
Жалобная цырымонія, праведзеная ўладамі падчас перапахаваньня, прайшла больш чым сьціпла. Нікога з прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы», якія два гады таму і данесьлі грамадзкасьці інфармацыю пра месца сталінскіх расстрэлаў у Вераб'ёвым лесе, на мерапрыемства не запрасілі.
Як сказаў Ян Дзяржаўцаў, не прыехаць і не ўшанаваць памяць нарэшце пахаваных грамадзянаў віцебскія актывісты папросту не маглі. Аднак яны ніколі не пагодзяцца з афіцыйнай пазыцыяй уладаў. Цяперашні візыт на вайсковае пахаваньне – гэта даніна памяці ахвярам сталінскага рэжыму. На стужках жалобнага вянка ад чальцоў грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» напісана: «Бязьвінным ахвярам сталінскага тэрору… Памятаем, спачуваем, смуткуем».
Разам зь сябрамі ініцыятывы наведаў магілу і ўраджэнец вёскі Дрыкольле Аляксей Рыгоравіч Нікіцін, які распавёў, што яго бацькоўскі дом знаходзіўся за тры кілямэтры ад месца масавых расстрэлаў. Паводле ўспамінаў ягонага дзядулі Ягора Іванавіча Коржанева, у 1939 годзе ледзьве ня кожную ноч энкавэдэшнікі прывозілі туды вязьняў і расстрэльвалі. Неяк ранкам пасьля чарговых расстрэлаў дзядуля разам з прыяцелем рызыкнуў наведаць небясьпечнае месца. Ад убачанага валасы падняліся дыбам: зямля на месцы пахаваньня рухалася. Уражаныя сябры ўцяклі дадому. Пасьля вайны дзед Ягор не аднойчы паказваў унуку тыя магілы, паказвала іх і бабуля.
Як мяркуюць сябры ініцыятывы «Хайсы», тое, што ўлады выбралі для пахаваньня парэшткаў рэпрэсаваных менавіта гэты мэмарыял, падаецца не выпадковым. Бо ён знаходзіцца ў вельмі нязручным для наведваньня месцы. Трапіць да яго можна толькі пешшу альбо праз чыгуначныя калеі ад станцыі Лосьвіда, альбо па сьцяжыне ад шашы Віцебск-Гарадок. У абодвух выпадках давядзецца прайсьці некалькі сотняў мэтраў. А той факт, што на магілу не паставілі нават крыжа і ня ўсклалі ніводнага вянка, сьведчыць пра сапраўднае стаўленьне ўладаў да рэпрэсаваных.