Ганна Шарэйка - сэнатар і гендырэктар віцебскага прадпрыемства «Ганна», амаль два гады знаходзілася пад вартай. У пятніцу яе вызвалілі ў зали Вярхоўнага суду, з кіраўніка зьнялі судзімасьць, і 13 чэрвеня яна вярнулася на працу.
На гадзіньніку яшчэ толькі 06:30, а побач з адміністрацыйным корпусам Віцебскай бройлернай фабрыкі ў вёсцы Вярхоўе зьбіраюцца людзі. Да 08:00 на «Ганьне» чакаюць вяртаньня сваёй Ганны Васільеўны.
Работнікі цэху гатовай прадукцыі сабраліся раней за ўсіх. Надзімаюць рознакаляровыя балёнікі, некаторыя зь іх зь лягатыпам «Ганна» (пад гэтым брэндам пакупнікі ведаюць прадукцыю Віцебскай бройлернай фабрыкі).
- О, у вас ёсьць нават карпаратыўныя балёнікі!
- Усё ў нас ёсьць, - адказваюць жанчыны. - Вось толькі гаспадыні доўга не было. Але нічога, хутка ўжо ўбачымся!
Работніцы з хваляваньнем некалькі разоў рэпэтуюць, як лепш трымаць доўгі плякат. На ёй залатымі літарамі напісана: «Зь вяртаньнем, Ганна Васільеўна!»
Разглядаю прыгожы букет, які трымае адна з жанчын.
- Гэта ж хрызантэмы і лілеі?
- Не, гэта хрызантэмы і дзікія архідэі - так нам сказалі ў кветкавай краме. Ганна Васільеўна вельмі любіць архідэі.
- А толькі ваш цэх будзе яе сустракаць?
- Не, шмат людзей зьбярэцца. Было б і яшчэ больш, але многія не могуць адарвацца ад вытворчасьці. Напрыклад, работнікі забойнага цэху папрасілі перадаць ад іх прывітаньне, а ў саміх працы праз край. Мы таксама ўжо а 7-й раніцы пачынаем працаваць, але нас начальнік адпусьціў, мы адпрасіліся на гадзіну, каб Ганну Васільеўну сустрэць.
- Вельмі яе чакалі?
- Вядома! Да сьлёз усьцешаныя, што яна да нас вярнулася. Разумніца, прыгажуня, наш любімы дырэктар! І такое адчуваньне, што за яе ўвесь Віцебск перажываў. Людзі на вуліцы, у крамах кажуць работнікам фабрыкі: «Са сьвятам!». І ўсе бяз слоў разумеюць зь якім. І перадаюць прывітаньні Ганьне Васільеўне.
А 07:00 пад'ехаў выконваючы абавязкі гендырэктара Віктар Міраш, неўзабаве пачалі зьбірацца іншыя работнікі адміністрацыі. Праз паўгадзіны ля ганку побач з галоўным корпусам фабрыкі ўжо не прапхнуцца: сабралася прыкладна 150 чалавек. Многія вітаюць адно аднаго: «Са сьвятам!»
У цэнтры тых, хто сустракае, - жанчыны з плякатам і мужчына з караваем на белым ручніку.
На гадзініку - 07:40. Людзі прыкметна хвалююцца, баяцца прапусьціць момант, калі Ганна Васільеўна пад'едзе. «Саня, ты ж самы высокі, давай глядзі ва ўсе вочы і не праваронь!» - наказваюць мужчыну, якога Бог не пакрыўдзіў ростам.
А 7:48 хтосьці самы зіркасты радасна абвяшчае: «Прыехала! Ганна Васільеўна прыехала!»
На Ганьне Шарэйцы - стыльны дзелавы гарнітур блакітнага колеру, над яе вобразам папрацаваў цырульнік. Падначаленыя сустракаюць яе гучнымі воплескамі, як кіназорку. Яна кланяецца сваім работнікам у пояс:
- Добры дзень! Нізкі паклон вам усім!
Наперад выходзіць адна з жанчын:
- Дарагая вы наша! Мы вас вельмі чакалі! І ў ваш гонар гучыць трохразовае ўра!
Гендырэктар прымае хлеб-соль, з усіх бакоў ёй падаюць букеты. І зьвяртаецца да работнікаў:
- Я хачу падзякаваць усяму нашаму калектыву. Ваша падтрымка для мяне неацэнная. Мне было вельмі прыемна атрымліваць ад вас паштоўкі, вестачкі, інфармацыю аб прадпрыемстве і ўсім гэтым жыць. Я ні на каго не крыўджуся, усё гэта было проста нейкі памылкай. Усё становіцца на свае месцы. Дзякуй усім вам і нашай краіне, якую вельмі люблю, я скажу цяпер сваімі справамі, учынкамі, стаўленьнем да калектыву. У мяне да вас толькі адно пытаньне: ці магу я ўжо ісьці працаваць?
- Так, - усьміхаюцца ўсе вакол.
Ганна Шарэйка адразу ж заходзіць у будынак. У прыёмнай яе чакае Віктар Міраш з букетам руж. Яна тут жа запрашае яго ў свой габінэт, які пуставаў і чакаў яе амаль два гады. А 7:55 у гендырэктара Віцебскай бройлернай фабрыкі ўжо пачаўся новы працоўны дзень.
Па справе Шарэйкі праходзілі 7 чалавек. Воплескамі, абдымкамі, пацалункамі і кветкамі на фабрыцы сустрэлі трох намесьнікаў гендырэктара, якіх таксама вызвалілі з-пад варты: Надзею Семчанкову, Яўгена Канавальчанку і Мікалая Камарова. Яны таксама дзякавалі калегам - за падтрымку: «Вашы лісты былі вельмі каштоўныя ў той сытуацыі. Усім вялікі дзякуй!» - сказаў Яўген Канавальчанка.
Сёньня раніцай на фабрыцы не саромеліся сьлёз нават мужчыны.
Надзея Семчанкова
Яўген Канавальчанка
Мікалай Камароў
Дырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, сэнатар Ганна Шарэйка была прысуджаная да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам 150 базавых. Такі прысуд вынес 10 чэрвеня судзьдзя Ўладзімер Давыдаў. Пры гэтым усе абвінавачаныя супрацоўнікі птушкафабрыкі былі вызваленыя ў залі суду з улікам адбытага пакараньня і амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Тацяна Матвеева, news.tut.by
Фота: Ігар Мацьвееў